Дарадца Трампа: На перамовах у Джыдзе абмяркоўваліся і доўгатэрміновыя гарантыі для Украіны
11.03.2025 / 21:42
Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц адзначыў пасля перамоў у Саудаўскай Аравіі, што ўкраінскі бок на сустрэчы «прадставіў канкрэтныя крокі і прапановы» па завяршэнні канфлікту.
Майк Уолц. Фота: AP Photo/Jose Luis Magana
Паводле слоў амерыканскага чыноўніка, на перамовах абмяркоўваліся ў тым ліку доўгатэрміновыя гарантыі бяспекі для Украіны.
Майк Уолц адзначыў, што ў найбліжэйшыя дні ЗША правядуць перамовы з прадстаўнікамі Расіі.
«Прэзідэнт Трамп выразна даў зразумець, што ўсе баявыя дзеянні павінны быць спыненыя, і ўкраінцы пагадзіліся на гэтую прапанову, яны гатовыя да міру. А цяпер мы перадамо гэтую прапанову расіянам», — заявіў ён.
Перад гэтым дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа пазітыўна ацаніў перамовы з украінскай дэлегацыяй у саудаўскай Джыдзе. Ён заявіў, што цяпер «мяч» па мірных перамовах знаходзіцца «на баку Расіі».
«Украіна зрабіла пазітыўны крок. Мы спадзяемся, што Расія адкажа ўзаемнасцю», — заявіў Рубіа.
Чытайце таксама:
Рубіа пасля перамоў з Украінай: мяч цяпер на баку Расіі
Трамп цісне на Зяленскага: эксперты пра жорсткі план прэзідэнта ЗША