«Мяч на баку Расіі» азначае, што Масква цяпер можа адчуць ціск
12.03.2025 / 9:14
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа сказаў, «мяч цяпер на баку Расіі». Гэта важны момант.
Фота: Daniel Felipe Kutepov / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
Сумесная заява ЗША і Украіны пасля доўгага дня перамоваў у Джыдзе змяшчае некалькі ключавых радкоў, і, магчыма, самы важны там гэты: «Злучаныя Штаты паведамяць Расіі, што ўзаемнасць расейцаў з'яўляецца ключом да дасягнення міру».
Апошнія тыдні мы шмат чулі аб тым, чаго Дональд Трамп чакае ад Украіны і якія грубыя інструменты Белы дом выкарыстоўвае, каб прымусіць Кіеў. Цяпер, здаецца, прыйшоў час публічна праверыць намеры Расіі, піша ВВС.
Адносіны Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным да гэтага часу былі ахутаныя нявызначанасцю, і няма ніякіх відавочных прыкмет ціску Трампа на Пуціна, які мог бы збалансаваць ціск на Уладзіміра Зяленскага.
Заява ЗША і Украіны ў аўторак зусім не азначае, што Трамп раптам змяніў сваё стаўленне да Зяленскага. У іх няпростыя адносіны, спароджаныя даўнім узаемным недаверам.
Але агіднае воблака злосці, якое ўзнікла пасля правальнай сустрэчы ў Авальным кабінеце, можа пачаць рассейвацца, калі запусціцца рэальны працэс устанаўлення міру.
Пасля неадкладнага аднаўлення абмену разведданымі паміж ЗША і Украінай і дапамогі Кіеву ў сферы бяспекі ціск зараз можа адчуць менавіта Расія.
Пакуль рана рабіць высновы, і маса дэталей павінна быць узгоднена падчас далейшых перамоваў.
У заяве гаворыцца аб істотных дэталях завяршэння вайны і аб гарантыях, на якія Украіна можа разлічваць «для пашырэння эканомікі і забеспячэння доўгатэрміновага росквіту і бяспекі».
Але менавіта фармулёўкі апошняга абзаца адлюстроўваюць пункт гледжання Вашынгтона аб тым, што бяспека і росквіт могуць быць дасягнуты шляхам заключэння здзелкі па крытычна важных мінералах, а не з дапамогай канкрэтных гарантый бяспекі, якіх дамагаецца Кіеў.
Зяленскі і Трамп, гаворыцца ў заяве, дамовіліся заключыць здзелку «як мага хутчэй». Як чыста камерцыйнае пагадненне можа прадухіліць варожыя дзеянні Расіі ў будучыні, яшчэ трэба высветліць.
У заяве таксама адзначаецца, што ўкраінская дэлегацыя «пацвердзіла, што еўрапейскія партнёры павінны быць уцягнутыя ў мірны працэс», але з яго не зусім зразумела, як Вашынгтон разглядае магчымыя параметры еўрапейскага ўдзелу.
Сустрэча ў Саудаўскай Аравіі здаецца своечасовай перазагрузкай пасля турбулентнасці апошніх дзён. Але яе вынікі не азначаюць, што далейшыя дзеянні ЗША і Украіны цалкам узгодненыя.
Калі ў прэзідэнта Зяленскага калісьці і былі сумневы, то зараз ён дакладна ведае, што мае справу з капрызным і зменлівым характарам амерыканскага прэзідэнта, для якога лаяльнасць у мінулым і традыцыйныя дыпламатычныя паводзіны значаць вельмі мала.
Ён зробіць усё магчымае, каб мяч застаўся на расійскім баку, але ён разумее: ёсць усе шанцы, што мяч можа вярнуцца да яго.