У Аўстрыі брат і сястра загінулі на адной шашы з розніцай у два гады: ехалі на чырвоных машынах і ўрэзаліся ў грузавік
12.03.2025 / 14:1
У аварыі недалёка ад Лінца загінуў мужчына. Як аказалася, гэта не першая трагедыя ў адной сям'і з амаль містычным супадзеннем.
Скрыншот відэа: Kronen Zeitung
Мужчына ехаў на чырвоным Hyundai i20 па шашы 564 у Нідэрнойкірхене ў Верхняй Аўстрыі. У нейкі момант ён на практычна прамым участку дарогі нечакана выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў грузавік.
Машыны апынуліся ў кювеце. Кіроўца грузавіка атрымаў лёгкія траўмы, а 29-гадовы мужчына, які кіраваў легкавіком, загінуў. Прыбыўшы на месца, выратавальнікі даведаліся пра загінулага. Аказалася, што амаль два гады таму на гэтай жа трасе і пры такіх жа абставінах загінула ягоная сястра, піша Bild са спасылкай на Kronen Zeitung.
Гэта здарылася ўсяго за чатыры кіламетры ад месца гібелі мужчыны. 14 ліпеня 2023 года жанчына ехала па той жа дарозе, таксама на маленькім чырвоным Hyundai i20 і таксама ўрэзалася на прамым участку ва сустрэчны грузавік.
Абедзве машыны вылецелі ў кювет, кіроўца грузавіка выжыў, а жанчына загінула ў машыне. «Мяркуючы па сведчаннях, кіроўца, відаць, урэзалася ў грузавік без тармажэння», — расказаў тады прадстаўнік паліцыі.
Чаму жанчына выскачыла на сустрэчную паласу, высветліць так і не ўдалося. Загадкай застаюцца і прычыны ДТЗ, у якім два гады пазней загінуў яе брат.