«Хтосьці даведаўся, дзе мы трымаем грошы, і падмяніў іх». Экс-палітвязня з сям'ёй абрабавалі ў Грузіі
13.03.2025 / 7:0
У беларускіх уцекачоў Харашкевічаў скралі буйную суму грошай. Цяпер экс-палітвязень з жонкай і дзіцём аказаліся без сродкаў на жыццё.
Яўген, Ніна і Мілана Харашкевічы. Фота: архіў суразмоўцы
Дапамагчы Яўгену і яго сям'і можна тут.
Летам 2024 года Яўген Харашкевіч выйшаў на волю пасля 4 гадоў палітычнага тэрміну. Маладога беларуса абвінавацілі па трох артыкулах крымінальнага кодэксу — падрыхтоўцы пратэстаў, абразе прадстаўніка ўлады і распальванні варожасці. Пакуль Яўген знаходзіўся за кратамі, у яго нарадзілася дачка Мілана.
У снежні 2024 года Яўгену, яго жонцы Ніне і дзіцяці давялося пакінуць Беларусь. Ніна Харашкевіч расказвае, што 14 лістапада 2024 года КДБ прыйшоў да іх з ператрусам:
«Падставай для іх візіту стала тое, што я атрымлівала дапамогу ад незалежных ініцыятыў на аплату адваката. І гэтыя звесткі неяк апынуліся ў КДБ.
Яны правялі ператрус, потым быў допыт. На момант таго допыту мяне пакінулі ў статусе сведкі. Але як самі кадэбісты казалі, каб перавесці ў статус падазраванай, дастаткова адной паперы. Гэта быў вельмі моцны сігнал да таго, што, напэўна, сапраўды не варта заставацца ў Беларусі».
Два тыдні спатрэбілася на тое, каб зрабіць належныя дакументы, і 1 снежня 2024 года Харашкевічы вылецелі ў Грузію. Там яны пражылі тры месяцы, пакуль рабілі візу, і 24 лютага 2025 года перабраліся ў Польшчу. Цяпер сям’я жыве ва Уроцлаве.
Бацькі Яўгена далі сям’і на дарогу некалькі тысяч еўра з разлікам, каб у першыя месяцы эміграцыі Харашкевічы адчувалі сябе больш упэўнена. Але ж гэтыя грошы ў іх скралі.
Ніна згадвае, што яны з мужам заўважылі крадзеж толькі праз пэўны час:
«Грошы мы заўсёды трымалі дома. Апошнія два месяцы мы здымалі кватэру ў адной гаспадыні і нікуды не пераязджалі. Грошы з сабой не насілі, бо былі выпадкі, калі ў Грузіі людзі спрабавалі залезці ў кішэні. Там людзі вельмі тактыльныя, могуць падысці на вуліцы і дакрануцца. Здавалася, што дома ім будзе лепш.
24 лютага ў нас быў рэйс. Муж, нават не задумваючыся, узяў грошы — яны былі ў непразрыстым пакеце, — паклаў ва ўнутраную кішэню курткі. Мы селі ў таксі, паехалі ў аэрапорт і вылецелі ў Польшчу. Мая знаёмая ва Уроцлаве пазычыла нам злотыя на першы час, каб мы маглі не мяняць свае грошы, таму не было патрэбы залазіць у тыя еўра».
Праз пару тыдняў у Польшчы Ніна ўсё ж адкрыла той пакет з запаснымі грашыма. Жанчына рэдка трымае ў руках еўра, таму не адразу зразумела, што з імі нешта не так. Падышоў Яўген, паглядзеў — аказалася, што ў пакеце замест еўра ляжаць сербскія дынары. Пры гэтым пакет важыў прыкладна столькі ж, як і раней.
Сям’я мяркуе, што грошы падмянілі ў Грузіі. Гэта занадта складаная аперацыя для выпадковага крадзяжу, кажа Ніна:
«Калі б іх выцягнулі дзесьці ў аэрапорце ці на вуліцы, то проста забралі б — і ўсё. Каб злодзей хацеў застацца незаўважаным, ён бы хутка забраў грошы і знік. А тут, выглядае, зрабілі ўсё акурат перад вылетам, каб мы не адразу зразумелі падмену. І каб мы ўжо не змаглі вярнуцца назад, бо [польская віза] была на аднаразовы ўезд.
Хутчэй за ўсё, хтосьці даведаўся, дзе мы захоўваем грошы, палічыў іх і падмяніў на такую ж па вазе суму. Гаспадыня кватэры некалькі разоў пыталася, калі дакладна мы з'язджаем. Усё гэта выклікала падазрэнні, але па факце мы звярнуліся і ў польскую паліцыю, і ў грузінскую. Палякі таксама сказалі, што, хутчэй за ўсё, падзеі разгортваліся менавіта так».
У злачынстве Харашкевічы падазраюць гаспадыню кватэры, дзе яны жылі. Ніне складана паверыць, што жанчына магла скрасці грошы ў сям’і былога палітвязня:
«Гаспадыня ведала, чаму мы прыехалі ў Грузію — што мы палітычныя эмігранты з Беларусі, што ў нас малое дзіця і мы чакаем візу. І вось гэты факт мяне да гэтага часу здзіўляе. Я не хачу без доказаў вінаваціць, але калі гэта сапраўды яна, то як у яе паднялася рука, ды яшчэ ведаючы нашу сітуацыю? Гэта не ўкладваецца ў галаве».
У паліцыі Яўгену патлумачылі, што шансаў знайсці грошы няма, дый не дакажаш, што ў пакеце былі менавіта еўра. Сям’і пакінулі суму ў дынарах, эквівалентную 5 далярам, а скралі недзе 7000 еўра.
Цяпер Харашкевічы жывуць у шэлтары, ім дапамагаюць і грашыма, і ежай. Яўген тэрмінова шукае працу. Таксама сям’я запусціла дабрачынны збор на польскай платформе, і ім у дапамогу сабралі ўжо больш за 4000 еўра. Харашкевічы падкрэсліваюць, што яны ўдзячныя ўсім, хто ім дапамагае — і грашыма, і справай, і проста добрым словам.
Дапамагчы Яўгену і яго сям'і можна тут.