Лукашэнка падпісаў указ аб абмене з Расіяй інфармацыяй пра перасячэнне мяжы
12.03.2025 / 21:43
Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка падпісаў указ №107 «Аб інфармацыйнай сістэме абмену звесткамі аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства».
Фота ілюстрацыйнае
У афіцыйным паведамленні сцвярджаецца, што ўказ падпісаны з мэтай удасканалення падыходаў да фарміравання адзінай міграцыйнай прасторы на агульных прынцыпах дзяржаў — удзельніц Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Новы ўказ накіраваны на рэалізацыю беларуска-расійскага міжурадавага пагаднення аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыю «Саюзнай дзяржавы».
Указам прадугледжваецца стварэнне інфармацыйнай сістэмы абмену звесткамі аб перасячэнні мяжы ў пунктах пропуску, аб выдадзеных і канфіскаваных (ці ануляваных) дакументах на права ўезду і выезду (транзіту), а таксама пасведчанняў асобы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі «Саюзнай дзяржавы».
У студзені 2025 года пачало дзейнічаць пагадненне аб узаемным прызнанні віз паміж Беларуссю і Расіяй. Яно было падпісана яшчэ ў 2020 годзе, але чатыры гады бакі займаліся вырашэннем тэхнічных пытанняў.
Таксама з 1 студзеня 2025 года пачала працаваць адзіная сістэма аўтастрахавання ў Беларусі і Расіі.
Чытайце таксама:
Лукашэнка падпісаў закон аб узаемных гарантыях бяспекі з Расіяй
Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі Дамовы аб гарантыях бяспекі «Саюзнай дзяржавы»
У Мінску ратыфікавалі дамову, якая дазваляе РФ ствараць у Беларусі ваенныя аб'екты