БЕЛ Ł РУС

Мінск увайшоў у топ-20 гарадоў свету, найлепшых для прагулак

12.03.2025 / 22:17

Nashaniva.com

У рэйтынгу, складзеным выданнем The Economist і візуалізаваным праектам Visual Capitalist, Мінск заняў 16-е месца. 

Мінск. Фота ілюстрацыйнае

У рэйтынгу ўлічваўся сярэдні час, які жыхары трацяць на дарогу да важных гарадскіх аб'ектаў, такіх як школы, бальніцы, крамы і рэстараны. Бралася пад увагу доля жыхароў, якія жывуць за 15 хвілін хады да іх.

Лідарамі рэйтынгу сталі Мілан, Капенгаген і Турын. У першую дзясятку таксама ўвайшлі Дублін, Ліён, Мюнхен, Парыж, Марсэль, Генуя і Эдынбург.

З гарадоў суседніх з Беларуссю краін у топ-20 трапіў толькі расійскі Санкт-Пецярбург — ён на 13-м месцы.

Звяртае на сябе ўвагу, што з 50 самых зручных для прагулак гарадоў свету 45 размешчаны ў Еўропе, у такіх краінах, як Італія, Іспанія, Францыя, Нарвегія, Германія, Вялікабрытанія і інш. Гэта звязана з іх гістарычнай забудовай, якая фармавалася задоўга да з'яўлення аўтамабіляў. Вузкія вулкі, блізкасць жылых раёнаў да крам і грамадскіх прастораў робяць еўрапейскія гарады ідэальнымі для пешых прагулак.

Гарады ж Амерыкі, спраектаваныя збольшага ўжо ў эру аўтамабіляў, практычна адсутнічаюць у рэйтынгу. Канадскі Ванкувер з найвышэйшай пазіцыяй у Паўночнай Амерыцы заняў толькі 53-е месца.

Увогуле сярод нееўрапейскіх гарадоў найлепшы вынік паказаў японскі Кіёта (28-е месца). Таксама ў топ-50 увайшлі тайваньскі Тайбэй (35-е месца), непальскі Катманду (45-е месца), тайваньскі Тайчжун (49-е месца) і сталіца Японіі Токіа (50-е месца).

Чытайце таксама:

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?

Як цяпер выглядае мост у цэнтры Мінска, які ўжо двойчы ствараў праблемы кіроўцам?

У Мінску неўзабаве з'явяцца 20 беспілотных трамваяў

У Мінску паўтара месяца не будуць працаваць тры трамвайныя лініі

Каментары да артыкула