Дуда заклікаў размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Польшчы
13.03.2025 / 9:9
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў Злучаныя Штаты Амерыкі размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі краіны ў якасці стрымлівальнага фактару супраць расійскай агрэсіі.
Фота: Paul Ellis/Pool Photo via AP
У інтэрв'ю газеце Financial Times ён адзначыў, што нядаўна абмяркоўваў гэтае пытанне са спецыяльным прадстаўніком ЗША па Украіне Кітам Келагам.
Дуда падкрэсліў, што з моманту пашырэння межаў НАТА на ўсход у 1999 годзе павінна адбыцца і перамяшчэнне інфраструктуры альянсу на ўсход. Ён заявіў: «Для мяне гэта відавочна. Я думаю, што справа не толькі ў тым, што час прыйшоў, але і ў тым, што было б бяспечней, калі б гэтая зброя ўжо цяпер была тут».
Прэзідэнт Польшчы выказаў надзею аднавіць праект па сумесным выкарыстанні ядзернай зброі, які ён безвынікова прадстаўляў адміністрацыі былога прэзідэнта Джо Байдэна ў 2022 годзе.
Ён таксама адзначыў, што рашэнне аб размяшчэнні амерыканскай ядзернай зброі павінна прымаць адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Дуда нагадаў пра заяву Уладзіміра Пуціна, зробленую ў 2023 годзе, аб перамяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў саюзную Беларусь: «Расія нават не вагалася, калі перамяшчала сваю ядзерную зброю ў Беларусь. Яны не пыталіся ні ў каго дазволу».