БЕЛ Ł РУС

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

13.03.2025 / 18:33

Nashaniva.com

Цяпер усе камеры на беларускіх дарогах пачалі паралельна са сваёй асноўнай функцыяй адсочваць і аўтамабілі без пройдзенага тэхагляду. Такую інфармацыю 12 сакавіка распаўсюдзіла ў сацсетках Гродзенская Дзяржаўтаінспекцыя, заўважыў «Тэлеграф». 

«Усе камеры кантролю хуткасці, а таксама камеры маніторынгу па ўсёй Беларусі зараз паралельна правяраюць дзяржтэхагляд аўтамабіля. Калі яго няма, робяць аўтаматычнае фота, а следам вам прыляціць «ліст шчасця» са штрафам», — гаворыцца ў заяве Гродзенскай ДАІ.

Кантроль за тэхаглядам з дапамогай дарожных камер у Беларусі ўвялі яшчэ ў 2023 годзе, аднак да нядаўняга часу гэтую функцыю маглі выконваць толькі асобныя камеры. На працягу ўсяго мінулага года кампанія «Белтэлекам», якая адказвае за сістэму камер вонкавага назірання, «Белтэхагляд» і ДАІ распрацоўвалі алгарытм узаемадзеяння.

У «Белтэхаглядзе» на пачатку мінулага года папярэджвалі, што на поўную моц новая сістэма сачэння на дарогах павінна запрацаваць у 2025 годзе. На пачатак гэтага года, паводле інфармацыі прадпрыемства, па ўсёй Беларусі налічвалася толькі 16 участкаў, абсталяваных камерамі, якія фіксуюць не толькі хуткасны рэжым, але і наяўнасць тэхагляду.

За кіраванне транспартным сродкам без допуску да ўдзелу ў дарожным руху вадзіцелям у Беларусі пагражае штраф у памеры да 3 базавых велічынь (126 рублёў). Калі ж «зловяць» без тэхагляду паўторна на працягу года, то памер штрафу павялічыцца да 5 базавых (210 рублёў).

Дарэчы, калі аўта без тэхагляду трапіцца на камеры фіксацыі некалькі разоў на працягу адных сутак, то штраф уласніку машыны за гэтае парушэнне выпішуць толькі адзін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула