Латвійца асудзілі да 6 гадоў калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі» і «заклікі да санкцый»
13.03.2025 / 13:0
Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
У Мінскім абласным судзе грамадзяніна Латвіі Юрыйса Ганінса асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцый» (ч. 2 арт. 361 КК), піша «Вясна»
Суддзя Аляксандр Рыбакоў вынес прысуд яшчэ 19 лютага, але пра яго стала вядома толькі цяпер.
Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Крымінальную справу супраць грамадзяніна Латвіі разглядалі ў судзе з 12 лістапада 2024 года па 19 лютага 2025 года.
Агулам у беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 36 палітзняволеных замежных грамадзян, сярод іх — чатыры грамадзяніна Латвіі.