Дзяржсакратар ЗША заклікаў да «асцярожнага аптымізму» адносна перамір’я паміж Украінай і Расіяй
15.03.2025 / 8:8
Марка Рубіа адзначыў, што перамовы аб доўгатэрміновай бяспецы немагчымыя падчас актыўнага канфлікту.
Марка Рубіа. Фота: Saul Loeb, Pool Photo via AP
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заклікаў да «асцярожнага аптымізму» ў перамовах аб спыненні агню паміж Украінай і Расіяй, адначасова ўзгадаўшы пра «пазітыўнае ўзаемадзеянне» спецыяльнага пасланніка Уіткафа і Уладзіміра Пуціна. Пра гэта кіраўнік амерыканскай знешнепалітычнай службы заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў канадскім горадзе Шарлевуа пасля сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Вялікай сямёркі», паведамляе «Голас Амерыкі».
Выступаючы перад журналістамі, Рубіа таксама прызнаў «складанасць сітуацыі» і неабходнасць працягваць намаганні ў гэтым кірунку, адзначыўшы, што прэзідэнт Трамп «будзе прымаць рашэнні пасля дэталёвага вывучэння» ўсіх аспектаў.
«Пытанне ў тым, ці сапраўды мы рухаемся да спынення агню, ці гэта толькі тактыка зацягвання? Думаю, мы даведаемся пра гэта хутчэй рана, чым позна, і шмат будзе залежаць ад учарашняй размовы амбасадара Уіткафа і іншых фактараў, якія ўплываюць на ход гэтай партыі, але пакуль мы яшчэ не дайшлі да гэтага моманту, — сказаў Рубіа. — Але мы, безумоўна, гаворым пра мір, прынамсі ўпершыню за тры гады».
Дзяржсакратар ЗША таксама заявіў, што садзіцца за стол перамоваў для абмеркавання доўгатэрміновай бяспекі немагчыма без спынення актыўных баявых дзеянняў.
«Мы не зможам перайсці да другога этапу, пакуль не пройдзем першы, — сказаў Рубіа. — Мы лічым, што вельмі цяжка весці перамовы аб трывалым міры і бяспецы ў разгар татальнай вайны, таму мы павінны паспрабаваць панізіць гэты ўзровень, каб з’явілася магчымасць перайсці да другой фазы».
Дзяржсакратар таксама адзначыў, што ў выніку перамоваў як Украіна, так і Расія павінны будуць пайсці на саступкі, аднак не стаў удакладняць, якія менавіта.
«Ідзе вайна, якая не мае вайсковага рашэння, і ні Расія, ні Украіна не могуць дасягнуць сваіх максімалісцкіх ваенных мэтаў, — сказаў Рубіа. — Адзіны спосаб спыніць гэтую вайну — гэта перамовы. Перамовы — няхай гэта будзе ў бізнеэсе, гандлі або геапалітыцы — прадугледжваюць, што абодва бакі робяць пэўныя саступкі… Якія менавіта саступкі будуць зробленыя, яшчэ трэба высветліць. Гэта павінна стаць часткай перамоў, але нам яшчэ неабходна дасягнуць той стадыі, калі гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца, і ў выніку, што б ні здарылася, абодва бакі павінны будуць згадзіцца з гэтым».
Чытайце таксама:
Крэмль паведаміў пра перададзеныя Пуціным спецпасланніку Трампа сігналы
Дзяржсакратара Марка Рубіа віталі ў Канадзе паказальна малой чырвонай дарожкай ФОТАФАКТ