БЕЛ Ł РУС

Буйному дыспетчару таксі забаранілі працу ў Беларусі

15.03.2025 / 18:32

Nashaniva.com

А доступ да сайта перавозчыка абмежавалі. 

Таксі Maxim. Фота: Maxim

З Рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў, які дзейнічае ў Беларусі з 1 лістапада 2024 года, быў выключаны дыспетчар таксі Maxim, які працаваў у буйных гарадах і абласных цэнтрах за выключэннем Мінска.

Першы намеснік начальніка транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Юрый Касцюк паведаміў, што гэта першы такі выпадак у Беларусі, і патлумачыў прычыны такой кардынальнай меры.

З рэестра дыспетчара таксі Maxim выключылі «за парушэнне заканадаўства ў сферы нерэгулярных перавозак пасажыраў», пасля чаго Транспартная інспекцыя таксама прыняла рашэнне абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу кампаніі — taximaxim.by.

Паводле ўказа «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў», з 1 лістапада 2024 года кіроўцам і перавозчыкам забараняецца працаваць у Беларусі без уключэння ў рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Каб трапіць у гэты рэестр, кіроўцы таксі павінны прайсці курсы павышэння кваліфікацыі і выканаць шэраг патрабаванняў, у тым ліку па абсталяванні свайго аўто і арганізацыі перавозак пасажыраў.

Паводле звестак партала «Смартпрэс», прычынай выключэння службы таксі Maxim з рэестра сталі «шматлікія факты перадачы заказаў кіроўцам-нелегалам».

Пад «нелегаламі» ў дадзеным выпадку маюцца на ўвазе таксісты, якія афіцыйна не зарэгістраваныя як індывідуальныя прадпрымальнікі, не працуюць у штаце афіцыйных перавозчыкаў і не ўключаныя ў дзяржаўны рэестр.

Гэтыя кіроўцы не плацяць падаткі з атрыманай выручкі, што з'яўляецца грубым парушэннем падатковага заканадаўства і можа лічыцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Супрацоўніцтва з такімі кіроўцамі, некаторых з якіх раней ужо прыцягвалі да адказнасці за нелегальную працу таксістамі, па словах Касцюка, і стала прычынай судовага разбору з самім дыспетчарам. У выніку эканамічны суд Гомельскай вобласці аштрафаваў дыспетчара, які выкарыстоўваў электронную сістэму Maxim, «за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», а таксама канфіскаваў частку незаконна атрыманага прыбытку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула