«Мы вінаватыя. У гэтай вайне ёсць і наша віна». Журналісты Washington Post пабывалі ў Гомельскай вобласці
16.03.2025 / 19:22
Журналісты амерыканскага выдання наведалі Новую Гуту ў Гомельскай вобласці на беларуска-ўкраінскай мяжы. У сваім рэпартажы яны падзяліліся некаторымі меркаваннямі мясцовых жыхароў аб сітуацыі ў краіне, іх адносінах да вайны і да Расіі.
На пункце пропуску «Новая Гута». Фота: БелТА
У сваім рэпартажы журналісты The Washington Post апісваюць настроі ў прыгранічнай Новай Гуце. Раней па трасе ў гэтым населеным пункце ў пікавыя дні праязджалі 15 тысяч чалавек і 7 тысяч машын.
Жыхары Новай Гуты, паводле аўтараў рэпартажу, глыбока шкадуюць пра вайну і з панурымі тварамі згадвалі свой шок у тую ноч тры гады таму, калі калоны расійскай бронетэхнікі прайшлі праз населены пункт, а ў небе рваліся ракеты. Некаторыя баяцца, што вайна можа паглынуць і Беларусь.
Мясцовая жыхарка распавяла, што ў вёсцы баяцца, што Беларусь можа паўтарыць лёс Украіны:
«Хто не звяртае на гэта ўвагі, таму ўсё роўна. А тыя, хто разумеюць, баяцца, што Беларусь ператворыцца ў маленькую Расію».
Паводле жанчыны, яе сястра ва Украіне перастала падтрымліваць сувязь пасля пачатку вайны. Такія гісторыі сустракаюцца і ў іншых жыхароў вёскі, у якіх ёсць сваякі па той бок мяжы.
«Мы вінаватыя. У гэтай вайне ёсць і наша віна», — цытуе выданне словы мясцовай жыхаркі.
Памежнікі ж, з якімі далі пагаварыць журналістам, не асуджалі нападу Расіі на Украіну.
«Нам тут не пашанцавала з нашай гісторыяй», — цытуюць словы памежніка Андрэя аўтары рэпартажу. — «У гэтай вайне загінула так шмат людзей. Пралітую кроў забудуць толькі праз некалькі пакаленняў».
Андрэй дадаў, што ўкраінцы павінны зразумець: супраціўленне Расіі бессэнсоўнае — яны ніколі не мусілі спадзявацца на перамогу ў гэтай вайне. У часы глабальнай нестабільнасці, адзначыў ён, малыя краіны павінны выбіраць большых партнёраў.
Антон Быкоўскі, прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, у размове з журналістамі выказаўся ў падобным духу: «Калі сярэдні брат ваюе са старэйшым, малодшыя браты робяць усё, каб у сям’і быў парадак і не было разладу».
Замежных журналістаў розных выданняў арганізавана вазілі на пункт пропуску «Новая Гута» 28 студзеня 2025 года.
Чытайце таксама:
Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла
Ілюстрацыя беларускага мастака з’явілася ў The New York Times