Дарогі на выезд з Мінска будуць рабіць з цэментабетонным пакрыццём
16.03.2025 / 19:33
Мінтранс плануе перавесці асноўныя дарогі, якія вядуць з Мінска, на цэментабетоннае пакрыццё.
Фота: Office Life
«Для забеспячэння экалагічнай бяспекі, устойлівасці да высокіх нагрузак і даўгавечнасці дарожнага пакрыцця намечана перавесці асноўныя выхады з Мінска (у межах другой кальцавой) у цэментабетонныя аўтадарогі», — паведаміла ведамства.
Гэта дапаможа забяспечыць добрую транспартную сувязь з гарадамі-спадарожнікамі з дапушчальнай нагрузкай 11,5 тоны на вось. Таксама чыноўнікі разлічваюць, што гэта дазволіць падтрымаць эканоміку прадпрыемстваў у гарадах-спадарожніках і пасля знізіць фінансавыя выдаткі на рамонт дарог вакол Мінска.
Зусім хутка стартуюць работы па капітальным рамонце выхаду з Мінска ў напрамку Магілёва і Гомеля (участак аўтадарогі М-4).