БЕЛ Ł РУС

Антаніна Канавалава, вызваленая па памілаванні давераная асоба Ціханоўскай, выехала з Беларусі і нарэшце сустрэлася з дзецьмі

17.03.2025 / 0:24

Nashaniva.com

За кратамі жанчына правяла чатыры з паловай гады.

Антаніна Канавалава

Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава падзякавала тым, хто падтрымліваў яе сям'ю, пакуль яна была за кратамі.

«Мы дачакаліся!!! Пасля 1555 дзён няволі… Мы нарэшце змаглі абняцца! Вельмі цаню, люблю кожнага з вас, хто дапамагаў мне і дзецям выстаяць, а часам і выжыць. Я перад вамі ў неаплачаным абавязку», — напісала маці Антаніны Ганна. Яна выклала відэа, як дзеці нарэшце сустракаюць маці пасля калоніі і абдымаюць яе.

Антаніна Канавалава выйшла на волю датэрмінова, па памілаванні, указ аб якім Лукашэнка падпісаў 9 снежня.

На выбарах 2020 года яна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Жанчыну затрыманая 6 верасня 2020 года і асудзілі ў адміністрацыйным парадку на 40 базавых велічынь штрафа за ўдзел у несанкцыянавым мерапрыемстве. Аднак пасля суду не адпусцілі, а перазатрымалі ў межах крымінальнай справы, звязанай з дзейнасцю тэлеграм-канала «Армія з народам».

У пачатку кастрычніка 2020 года па справе аб удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, быў затрыманы і муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч. Пасля мужа і жонку судзілі разам.

7 мая 2021 года ў Мінскім абласным судзе былі вынесеныя прысуды фігурантам справы па телеграм-канале «Армія з народам». 

Антаніна Канавалава была па ёй асуджаная да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пасля яе ўключылі ў спісы асоб, датычных да «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці. 

У зняволенні Антаніна атрымала інваліднасць 3-й групы па зроку. 

Яе муж Сяргей Ярашэвіч быў асуджаны спачатку таксама да 5,5 года зняволення, але пасля яму на новым судзе дадалі да гэтага тэрміну яшчэ 9 месяцаў. Пакуль ён застаецца за кратамі.

У Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча двое дзяцей: Насці цяпер восем гадоў, а Ваню — дзесяць. Увесь час зняволення бацькоў дзецьмі апякуецца мама Антаніны Канавалавай Ганна, яна жыла з унукамі ў Польшчы.

Чытайце таксама:

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Палітвязню Ярашэвічу дадалі яшчэ 9 месяцаў зняволення

Беларуска, дачка і зяць якой палітвязні, запусціла брэнд рэчаў з казінага пуху Babula. Паглядзіце, як стылёва!

Каментары да артыкула