Трамп мае намер пагаварыць з Пуціным заўтра
17.03.2025 / 8:4
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што паразмаўляе з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным па тэлефоне 18 сакавіка, перадае Reuters. Пра гэта ён паведаміў журналістам на борце самалёта падчас пералёту ў Вашынгтон з Фларыды.
Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images
Рэспубліканец удакладніў, што мае намер падчас размовы падняць пытанне тэрыторый у кантэксце канфлікту ва Украіне, а таксама абмеркаваць кантроль над атамнымі электрастанцыямі. Паводле яго слоў, за выхадныя была праведзеная «вялікая праца».
«Мы хочам паглядзець, ці зможам мы пакласці канец гэтай вайне. Магчыма, зможам, магчыма, не, але я думаю, што ў нас вельмі добрыя шанцы», — сказаў ён.
Трамп 11 сакавіка паведаміў, што збіраўся стэлефанавацца з Пуціным на тым тыдні, аднак размовы не адбылося.
Размова 18 сакавіка, калі яна адбудзецца, можа стаць другой паміж палітыкамі з моманту ўваходжання Трампа на пасаду. У мінулы раз рэспубліканец і Пуцін размаўлялі 12 лютага.