БЕЛ Ł РУС

У Еўрапарламенце запатрабавалі ад ЗША вярнуць Францыі статую Свабоды

17.03.2025 / 12:29

Nashaniva.com

Рашэнні адміністрацыі Дональда Трампа паказваюць, што ЗША — не прыхільнікі свабоды, лічыць французскі еўрадэпутат.

Фота: АР

Дэпутат Еўрапарламента Рафаэль Глюксман запатрабаваў ад улад ЗША вярнуць Францыі статую Свабоды. Бягучая адміністрацыя і прэзідэнт ЗША паказваюць сваімі рашэннямі, што каштоўнасці свабоды ім не блізкія, вынікае з прамовы Глюксман, піша DW.

У сваёй прамове Глюксман актыўна асудзіў Вашынгтон за збліжэнне з Масквой. Паводле яго слоў, ЗША «вырашылі стаць на бок тыранаў». Акрамя таго, французскі палітык раскрытыкаваў адміністрацыю Дональда Трампа за звальненне навукоўцаў, якія настойвалі на сваёй навуковай свабодзе.

У сувязі з гэтым еўрадэпутат заклікаў ЗША вярнуць статую Свабоды. «Мы падарылі яе вам, але, здаецца, вы ёю пагарджаеце», — сказаў ён, звяртаючыся да амерыканцаў.

Статуя Свабоды была створана ў Францыі пад кіраўніцтвам скульптара Агюста Бартольдзі. Яна стала падарункам ЗША ад Францыі ў гонар стагоддзя Вайны за незалежнасць ЗША, у якой французы падтрымалі амерыканцаў.

Медная статуя вышынёй 46 метраў была адкрыта ў 1886 годзе на Востраве Свабоды ў Нью-Йорку. Для мільёнаў мігрантаў, якія калісьці чакалі дазволу на ўезд у ЗША на суседнім востраве Эліс-Айлэнд, яна сімвалізавала надзею на лепшае жыццё.

«Перапісванне» гістарычных рашэнняў — у духу новых улад ЗША

Пра сур'ёзнасць адозвы Глюксмана гаварыць не даводзіцца, аднак яна шмат у чым адпавядае папулісцкай палітыцы самога Трампа.

Дзеючы прэзідэнт ЗША яшчэ да сваёй інаўгурацыі абяцаў перайменаваць пік Дэналі на Алясцы ў пік Мак-Кінлі. Першы варыянт назвы — арыгінальны, ён распаўсюджаны сярод карэнных жыхароў Аляскі. У Расійскай імперыі, якая ў свой час каланізавала рэгіён, у ходзе была назва піка з мясцовых моў, аднак у 1896 годзе, калі Аляску каланізавалі ЗША, гара была перайменавана ў пік Мак-Кінлі. У 2015 годзе гістарычную назву распарадзіўся вярнуць Барак Абама, які быў на той момант прэзідэнтам ЗША.

Вялікім кур'ёзам стала аналагічнае жаданне Трампа «амерыканізаваць» Мексіканскі заліў. У першыя ж дні пасля інаўгурацыі Трамп распарадзіўся перайменаваць заліў, які насіў ранейшую назву з моманту адкрыцця, у «Амерыканскі». 

Разам з тым Трамп праводзіць і больш грубыя спробы «адкату» гістарычных рашэнняў — ён пагражае вярнуць пад кантроль ЗША Панамскі канал, перададзены ў карыстанне лацінаамерыканскай дзяржаве паводле дамоўленасцей дзвюх краін ад 1977 года. Прэзідэнт ЗША не выключыў і магчымасці сілавога захопу канала, што прымусіла Панаму звярнуцца ў ААН.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула