Як ахоўваюць Пуціна — новае расследаванне
17.03.2025 / 18:59
Штодня за ахову Пуціна адказвае сотня чалавек, нават ежу яму гатуюць кухары-фээсбэшнікі — яны ж правяраюць усе прадукты, нават рыбу, якую ловіць расійскі прэзідэнт.
Пуцін у атачэнні целахоўнікаў падчас сваёй паездкі ў Якуцк. Чэрвень 2024 года. Фота: kremlin.ru
Цэнтр «Дасье» правёў расследаванне таго, як абараняюць Пуціна.
Служба бяспекі прэзідэнта Расіі ёсць фактычна самастойным падраздзяленнем і адказвае як за ахову першай асобы, так і за абарону яго шматлікіх рэзідэнцый, прыгатаванне ежы, прыборку памяшканняў і нават стрыжку газона ў Нова-Агарова.
Хто ахоўвае
Расследавальнікі змаглі ідэнтыфікаваць 33 целаахоўнікаў прэзідэнта Расіі, якія яго суправаджалі на працягу 2024 года, і сабраць пра іх інфармацыю з даступных крыніц.
У выніку атрымаўся абагульнены партрэт целаахоўніка Пуціна: сярэдні ўзрост — 36 гадоў, коратка стрыжаны, высокага росту, без вусоў і барады. Татуіроўкі і пірсінг строга забаронены.
Пераважная большасць — выхадцы з рэгіёнаў ці з невялікіх гарадоў у еўрапейскай частцы Расіі. Многія прыйшлі на службу, скончыўшы Акадэмію ФСА (Федэральнай службы аховы) у Арле, але ёсць і выхадцы з іншых структур, напрыклад, спецназа.
Будучыя целаахоўнікі праходзяць тыя ж стадыі адбору, што і астатнія супрацоўнікі ФСА. Акрамя некалькіх сумоўяў абавязковыя тэст на прафесійную прыдатнасць, сустрэча з псіхолагам і праходжанне паліграфа. Адна з галоўных умоваў пры прыёме на працу — патрыятычны настрой.
Афіцыйная зарплата пуцінскай аховы не казачная. Паводле ўцечак з баз даных, цяпер яны атрымліваюць у раёне 200 тысяч рублёў (каля 2300 даляраў) — як кантрактнікі на фронце. Аднак і гэта ў два разы больш за сярэдні заробак супрацоўніка ФСА.
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ў атачэнні целааахоўнікаў. Май 2024 года. Фота: kremlin.ru
Колькі ўсяго аховы
Па падліках «Дасье», Пуцін мае як мінімум пяць ад'ютантаў. Калі яны знаходзяцца побач з ім, то атрымліваюць службовы мабільны тэлефон.
Зразумець, колькі чалавек адначасова ахоўваюць прэзідэнта Расіі, расследавальнікам дапамаглі матэрыялы будаўніцтва рэзідэнцыі ў Нова-Агарова. У сярэдзіне 2010-х гадоў там былі пабудаваны дом прыёмаў, гасцініца і некалькі тэхнічных аб'ектаў.
У гасцініцы меркавалася размясціць пакоі для ад'ютантаў, супрацоўнікаў выязных падраздзяленняў, дактароў. Усяго будынак павінен быў змясціць 116 чалавек аховы, у тым ліку 5 байцоў спецназа. Гараж быў разлічаны на 32 кіроўцаў.
Група суправаджэння Пуціна ў замежных паездках складае ад 80 да 100 чалавек. Пры гэтым яе ўдзельнікі раздзяляюцца на дзве часткі. Адны падарожнічаюць непасрэдна з першай асобай, іншыя прыбываюць на месца загадзя, каб падрыхтавацца да сустрэчы, высветліць пратакольны складнік (што і як будзе наведваць, з кім сустракацца, што рабіць, як прылятае і адлятае, што патрабуецца для гэтага).
Па жаданні Пуціна Федэральная служба аховы забяспечыць любы від транспарту. Аўтамабілі знаходзяцца ў падпарадкаванні гаража асобага прызначэння.
У некаторых выпадках картэж суправаджаюць баявыя верталёты, як гэта было падчас візіту Пуціна ў Чачню летась у жніўні. Бронецягніком таксама займаецца спецслужба, прычым не толькі пытаннямі бяспекі, але і дызайнам вагонаў. Самалёт першай асобы пры неабходнасці прыкрывае баявая авіяцыя, а на яго борце прыкладна ў канцы 2021 года былі ўстаноўлены цеплавыя пасткі.
Афіцэры СБП (першы і другі злева) падчас паездкі Пуціна ў Чачню. Жнівень 2024 года. Фота: kremlin.ru
На зямлі ад пагроз з паветра кіраўніка дзяржавы ахоўваюць комплексы «Панцыр-С1». Нарэшце, супрацоўнікі ФСА абслугоўваюць яхты Пуціна.
Кухары Пуціна
Нават кухары Пуціна — гэта супрацоўнікі ФСА, якіх, як і ўсіх, вучаць страляць.
Кухары працуюць у пальчатках, некалькі разоў у дзень мяняюць форму і правяраюць, каб на руках не было парэзаў. Строга выконваецца таварнае суседства: рыба, мяса, садавіна і гародніна захоўваюцца асобна. Прадукты старанна падбіраюцца.
Пуцін аддае перавагу вылаўленай рыбе і мясу, якое здабыта на паляванні. З птушкі ён есць толькі куранят, вырашчаных на невялікіх фермах. Усе прадукты праходзіць строгую праверку супрацоўнікамі перасоўнай лабараторыі, экспрэс-тэстамі, нават калі гэта рыба, якую злавіў сам расійскі прэзідэнт.
Кухары суправаджаюць Пуціна ў паездках незалежна ад таго, ці гэта камандзіроўка, ці адпачынак, ці індывідуальнае мерапрыемства. Супрацоўнікі ФСА першымі каштуюць усе прыгатаваныя стравы.
Строгія патрабаванні прад'яўляюцца не толькі да ежы, але і да памяшкання. У рэзідэнцыях Пуцін аддае перавагу вызначанаму тэмпературнаму рэжыму і «каб нідзе не дзьмула». Рабочы кабінет прыбіраюць кожны дзень з выкарыстаннем спецыяльных сродкаў, прычым рабіць гэта пачалі яшчэ да пандэміі, а памяшканні праветрываюць ва ўсе дні, акрамя перыяду цвіцення алешыны і бярозы.
Былы супрацоўнік ФСА расказаў «Дасье», што Пуцін давярае толькі сваім целаахоўнікам, а астатніх супрацоўнікаў спецслужбы часта трымаюць у невядомасці адносна яго планаў. Людзям могуць сказаць, што ён адпачывае на пэўным лецішчы, і ўсе бегаюць, ахоўваюць гэтае лецішча, а ён можа быць увогуле ў іншым месцы.
Чытайце таксама:
«Адважная ахова Пуціна» — фотафакт
Пуціну пабудавалі яшчэ і сакрэтную сетку чыгунак і станцый — яны вядуць да яго рэзідэнцый
Пуцін перастаў пакідаць Крэмль і свае рэзідэнцыі пасля выбараў