БЕЛ Ł РУС

Карпянкоў расказаў, як узмацнілі ахову калоній — «збегчы практычна немагчыма»

18.03.2025 / 10:18

Nashaniva.com

У калоніях адмыслова ўвялі новую пасаду для аховы калоній, а патрульныя ўнутраных войскаў зараз узброены агнястрэльнай зброяй, што «беспрэцэдэнтна» для СНД. Пра гэта ў інтэрв'ю SB.by расказаў намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.

Карпянкоў расказаў, што «навацыі закранулі і сістэмы аховы папраўчых устаноў».

«Іх перыметр абаронены дастаткова надзейна, для недапушчэння ўцёкаў асуджаных зроблена шмат. Але мы пайшлі далей. Каб нават спробы ўцёкаў не было, увялі ў склад варты па ахове ПК дадатковыя пасады аператараў дронаў, добра іх навучылі. Беспілотнікі аблятаюць тэрыторыі калоній, глядзяць, хто з асуджаных дзе знаходзіцца, і нікому не дазваляюць нават наблізіцца да ўнутранай забароненай зоны. А калі ўсё ж адбудуцца ўцёкі, то ад дронаў з цеплавізарамі схавацца практычна немагчыма», — распавёў Карпянкоў.

Ва ўсіх папраўчых установах, кажа ён, каравулы дазброеныя і прайшлі дадатковую падрыхтоўку.

Акрамя таго, патрульныя ўнутраных войскаў зараз узброеныя агнястрэльнай зброяй.

«Уручаем «макаравы» ў тым ліку вайскоўцам тэрміновай вайсковай службы, якія выходзяць на маршруты патрулявання. Дзякуючы ўкараненню такой беспрэцэдэнтнай для краін СНД практыкі зроблены сур'ёзны крок. Яго мэта ў першую чаргу прафілактыка тэрактаў, недапушчэнне ў Беларусі трагедый, падобных да масавай бойні ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». Старэйшыя вайсковых нарадаў узброены аўтаматычнай зброяй, а там, дзе мы выконваем задачы па забеспячэнні грамадскай бяспекі, працуюць рэзервы — групы хуткага рэагавання падраздзяленняў спецпрызначэння, гатовыя прыйсці на дапамогу», — распавёў ён. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула