БЕЛ Ł РУС

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта

18.03.2025 / 16:50

Nashaniva.com

Дзясяткі тысяч квіткоў на канцэрце ў маі і чэрвені ўжо распрададзеныя.

Сяргей Жукаў. Фота: kvitki.by

Расійскі гурт «Руки вверх», які быў шалёна папулярны ў дзевяностыя, збіраецца пабіць рэкорд ANNA ASTI. Раней толькі ў гэтай украінскай спявачкі з расійскім пашпартам атрымлівалася тройчы запар сабраць «Мінск-Арэну».

Квіткі на канцэрты «Руки вверх» 30 і 31 мая ўжо цалкам распрададзеныя. На канцэрт, які адбудзецца 2 чэрвеня, таксама амаль усё раскупілі: засталося каля сотні квіткоў.

Падчас спартыўных мерапрыемстваў «Мінск-Арэна» змяшчае на трыбунах 15086 чалавек. На канцэртах сітуацыя трохі змяняецца — на месцы, якія знаходзяцца за сцэнай, квіткі не прадаюцца, затое дадаецца танцпол. Аднак лічыцца, што ў выніку трапіць на канцэрт могуць плюс-мінус тыя ж 15 тысяч чалавек.

Такім чынам, на «Руки вверх» ужо прададзена амаль 45 тысяч квіткоў.

«Мы зноў падорым вам рамантыку сустрэч, дзе ён цябе цалуе і кажа, што кахае, дзе студэнт цацку новую знайшоў, а па шырокай сцежцы праскакалі каўбоі. 18 вам ужо, а значыць, можна адарвацца не па-дзіцячы пад любімыя хіты», — пішуць у рэкламе.

Пабачыўшы шалёны попыт, арганізатары тэрмінова дадалі яшчэ адзін канцэрт — 3 чэрвеня. Каштуюць квіткі нятанна: ад 90 да 297 рублёў, але гэта беларусаў не спыняе. Нават самыя дарагія пакупаюць вельмі актыўна.

Нагадаем: з самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Сяргей Жукаў, саліст гурта «Руки вверх», абраў пазіцыю «я па-за палітыкай».

У сакавіку 2022 года артыст апублікаваў у сваім інстаграме пост пра вайну з пасылам «не ўсё так адназначна»: «Я, як і ўсе вы, гляджу за тым, што адбываецца. І бачу і ведаю тое самае, што і вы. Я не палітык, не журналіст, не палітолаг. Я — музыка. Так, у мяне вялікая аўдыторыя, але гэта тым больш азначае вялікую адказнасць. За кожнае маё слова. Цяпер столькі валіцца інфармацыі, з усіх бакоў, што проста браць і распаўсюджваць яе, не маючы магчымасці праверыць, — я так не буду рабіць… Адчуванне, што ўсе адно аднаго ненавідзяць. Хэйт, абразы, нянавісць. Так нельга! Ну мы ж усё ў першую чаргу людзі! Спыніцеся, ну праўда!».

Больш за ўсё тады Сяргею было шкада расійскіх паралімпійцаў, якіх адхілілі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

Аднак усяго праз некалькі тыдняў грамадзянская пазіцыя Сяргея Жукава стала відавочнай. Ён выступіў у Лужніках на канцэрце ў гонар акупацыі Крыма.

Потым Сяргей Жукаў трапіў у скандал праз тое, што ў яго бар «Руки вверх» у Краснадары не пусцілі чалавека ў камуфляжы, які называў сябе ўдзельнікам вайны. Артыст публічна выбачыўся і заявіў, што ў яго бары «абаронцам айчыны заўсёды рады».

Чытайце таксама:

«Найгоршы канцэрт у маім жыцці»: беларуска паскардзілася на выступ «Іванушак» у Мінску і набрала 2 мільёны праглядаў

Зінаіда Фурор, Наста Краўчанка, Герман Цітоў: хто застаўся на беларускай эстрадзе пасля чыстак?

«Тры гадзіны адстаяла ў віртуальнай чарзе!» У продаж паступілі першыя квіткі на Viva Braslav — і ўжо скончыліся

Каментары да артыкула