На Галанскія вышыні прыляцела ракета, загінулі як мінімум 10 дзяцей і падлеткаў
27.07.2024 / 21:13
Па кантраляваных Ізраілем Галанскіх вышынях нанесены ракетны ўдар з тэрыторыі Лівана. Ракета выбухнула побач з дзіцячай пляцоўкай у Мадждаль-Шамсе, што знаходзіцца ў паўночнай частцы Галанскіх вышынь, ёсць шмат загінулых і пацярпелых.
Фота: Jalaa Marey/Agence France-Presse — Getty Images
У выніку ракетнай атакі па Галанскіх вышынях загінулі як мінімум 10 дзяцей і падлеткаў, яшчэ каля 30 чалавек атрымалі раненні.
У паселішчы Мадждаль-Шамс, якое было абстраляна, жывуць друзы — этнаканфесійная група арабаў, якія расселеныя не толькі ў Ізраілі, але таксама ў Ліване, Сірыі і Іарданіі.
Арганізацыя «Хезбала» афіцыйны адмаўляе сваю датычнасць да ракетнага ўдару, паведамляюць агенцтвы са спасылкай на прадстаўніка руху, які даў каментар тэлеканалу Al Jadeed. ️
Удар адбыўся на фоне новых размоў пра магчымае пагадненне Ізраіля з ХАМАС. Выданне Axios са спасылкай на тры крыніцы піша, што сваю новую прапанову аб пагадненні, вынікам якой павінна стаць вызваленне закладнікаў, захопленых пры тэрарыстычнай атацы на краіну 7 кастрычніка 2023 года, Ізраіль накіраваў ЗША.
Адміністрацыя Нетаньяху нібыта ўключыла ў здзелку спыненне агню ў Газе і прапанавала дэталі кантролю за перасоўваннямі цывільных асоб у ім, каб не дапускаць росту тэрарыстычнай пагрозы для сябе. Кантроль за перамяшчэннем людзей і перавозкай зброі ў анклаве Газа, па дадзеных Axios, Ізраіль прапануе структуры, створанай замежнай дзяржавай.
Перамовы аб пагадненні Ізраіля і ХАМАС працягваюцца ўжо некалькі месяцаў. Свой варыянт пагаднення ўжо перадала бакам адміністрацыя Байдэна, аднак яно не задаволіла бакі.
Чытайце таксама:
Экс-дзяржсакратар ЗША апублікаваў імаверны мірны план Трампа па Украіне. Што ў ім?
Ізраіль папярэдзіў Францыю аб магчымым тэракце падчас Алімпіяды
Хусіты абстралялі ізраільскі курорт Эйлат
Ізраіль нанёс удары па Емене «пасля дзевяці месяцаў бесперапынных нападаў»