БЕЛ Ł РУС

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

11.12.2024 / 0:21

Nashaniva.com

Ваяру Інтэрнацыянальнага легіёна было 25 гадоў.

Добраахвотнік Газ

Пра смерць беларускага добраахвотніка Газа паведамілі яго сябры ў сацыяльных сетках. Па іх словах, ужо адбылося пахаванне.

Беларускі добраахвотнік Газ сустрэў пачатак поўнамаштабнай вайны ў Маскве. Там ён жыў з 16 гадоў, калі пераехаў да бацькі з роднага Наваполацка. У хлопца было і беларускае, і расійскае грамадзянства.

На момант пачатку вайны Газ працаваў камерцыйным дырэктарам па развіцці ў кампаніі аўтазапчастак. Ён адзначаў, што быў далёкім ад палітыкі, нават пра беларускія пратэсты-2020 ведаў толькі павярхоўна. 

Добраахвотнік Газ

«Аднак жыць у Расіі стала невыносна: ваенная прапаганда была на кожным кроку», — расказваў Газ у вялікім інтэрв’ю «Люстэрку». У выніку ў жніўні 2022 года ён вярнуўся ў Беларусь. Жывучы ў Наваполацку, а пасля ў Мінску асэнсаваў сябе беларускім патрыётам. А ў канцы 2023 года канчаткова вырашыў ваяваць за Украіну.

Газ адправіў заяўку ў Інтэрнацыянальны легіён, бо не хацеў ісці ў Полк Каліноўскага — чытаў, што там не вельмі прыемнае кіраўніцтва.

Сям’я не падтрымала выбар хлопца. Бацька, грамадзянін Расіі, абарваў кантакты з ім. «Маці ў мяне беларуска, яна зрэагавала як самая звычайная маці. Казала, што гэта небяспечна, былі нейкія слёзы спачатку, а потым проста прыняцце. Зараз мы з ёй размаўляем, падымаем і такія тэмы, якія ёй раней цяжка даваліся. І ўсё добра. Бабуля казала, што я паехаў ваяваць за грошы выключна, цётка мяне таксама не падтрымала, сказала, што гэта няправільна», — казаў Газ.

Добраахвотнік Газ

Па стане на вясну 2024 года, калі Газ даваў інтэрв'ю «Люстэрку, ён ужо скончыў падрыхтоўчыя курсы і браў удзел у баявых аперацыях. У перапынку між імі вучыўся кіраванню FPV-дронамі.

«Адразу зразумеў: гэта маё. Я вельмі рады, што зрабіў такі выбар. Адзінае, аб чым шкадую, — што не паехаў ва Украіну раней», — казаў ён.

Чытайце таксама:

У баях пад Харкавам загінуў расійскі апазіцыянер Дадзін — ён ваяваў за Украіну і любіў Янку Купалу

«Як думаеш — калі мы вернемся дахаты?» Дзённік беларускага добраахвотніка, які загінуў на вайне

На вайне ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Аляксандр Стасевіч

Каментары да артыкула