Міру не бывае без ахвяраў? Серыял пра ліхалецце ў Паўночнай Ірландыі падводзіць да няпростых дылемаў — як дабіцца незалежнасці
16.02.2025 / 14:15
Амерыканска-ірландскі серыял «Нічога не кажы» (Say nothing) расказвае пра адну з самых змрочных старонак у гісторыі Паўночнай Ірландыі — так званае «ліхалецце» 1970-х—1980-х, час супрацьстаяння паміж ірландскімі католікамі з аднаго боку і з пратэстантамі і брытанскімі войскамі з другога.
У 1921 годзе паводле мірнага пагаднення востраў Ірландыя быў падзелены на два рэгіёны: большы — Ірландская свабодная дзяржава (якая потым стала цалкам незалежнай Ірландыяй), меншы — Паўночная Ірландыя ў складзе Вялікабрытаніі. Ірландцы-католікі ў Паўночнай Ірландыі працягвалі змаганне за далучэнне рэгіёна да Ірландыі. Колькасць католікаў, якія былі за незалежнасць, усяго на некалькі працэнтаў перавышала колькасць пратэстантаў, якія збольшага былі юніяністамі — прыхільнікамі ідэі застацца ў складзе Брытаніі.
У канцы 1960-х — пачатку 1970-х канфлікт абвастраецца. Мірныя метады ні да чаго не прывялі, у студзені 1970 года здараецца чарговая «крывавая нядзеля» — расстрэл мірнай дэманстрацыі католікаў, калі загінулі 14 чалавек.
Грамадства хутка радыкалізуецца, рэй пачынае весці ваенізаванае крыло Ірландскай рэспубліканскай арміі (ІРА), якое заклікае да гвалтоўных метадаў барацьбы.
У аснове серыяла ад Hulu дакументальны бестселер Патрыка Радэна Кіфа «Нічога не кажы: праўдзівая гісторыя забойства і памяці ў Паўночнай Ірландыі». Кіф напісаў кнігу, базуючыся на інтэрв'ю былых удзельнікаў ІРА. У серыял дададзеныя некаторыя сюжэтныя лініі.
Прыкладзены да вуснаў палец: «Нічога не кажы». Кадр з фільма
Як можна дабіцца перамогі, перамовамі і кампрамісамі ці вайной і тэрактамі? І чаго каштуе чалавечае жыццё — сваё і чужое, калі гаворка ідзе пра незалежнасць ад імперыі?
Героя серыяла спрабуюць даць адказ на гэтыя пытанні. Прычым іх пазіцыя не застылая ў мармуры — яна можа кардынальна змяняцца ў залежнасці ад абставінаў. Раманы Пратасевічы і Дзянісы Мельянцовы былі і тады. А іх сябрам застаецца толькі гадаць, што ж стала прычынай рэзкага пераабування ў паветры — пераасэнсаванне жыцця, дамоўленасць з ворагамі ці нешта яшчэ. І хто тады герой, а хто здраднік, калі ўсё змяняецца?
Мэрыэн і Доларс. Кадр з фільма
Асноўная сюжэтная лінія расказвае пра дзвюх 16-гадовах сясцёр — рудую Доларс (менавіта так, не Далорэс) і чарнявую Мэрыэн.
Іх бацька — ідэйны змагар за незалежнасць — восем гадоў правёў у турмах, маці — пару тыдняў, а цётка страціла ў змаганні з Брытаніяй вочы і рукі. Усе яны не вераць у мірныя перамены і спрабуюць перадаць свае каштоўнасці дзецям.
Тыя спачатку настроеныя ідэалістычна, але суровая праўда жыцця прымушае і іх уключыцца ў дзейнасць ІРА.
Спачатку сёстры займаюцца валанцёрствам, але ёсць і брудныя заданні. Напрыклад, адвозіць далей ад брытанскіх вачэй здраднікаў — тых, каго жорсткім збіццём або грашыма Лондан перацягнуў на свой бок — і выконваць прысуд. А здрадніка падчас вайны чакае толькі адзін лёс — смерць.
Доларс і Мэрыэн пасля паспяховага налёту на банк. Кадр з фільма
Урэшце сёстры пераходзяць да баявых заданняў — налёты на банкі, мініраванне машын… Гінуць брытанскія салдаты, паліцэйскія, але і мірныя жыхары.
Гэты фільм пра тое, як жыццё робіць дзяўчат-ідэалістак цынічнымі і бязлітаснымі. Некалькі разоў у фільме гучыць фраза: «Міру без ахвяр не бывае». Але ўсе яны змагаюцца за святую мэту — аб’яднаную Ірландыю.
За выбухі ў Лондане сясцёр адпраўляюць у турму, яны абвяшчаюць галадоўку, якую трымаюць 202 дні. Цікавы сюжэтны паварот: дзяўчаты ператвараюцца ў тых, каму будзе спачуваць увесь Лондан — бо як можна не пашкадаваць такіх сімпатычных тэрарыстак? Але ці даб'юцца яны чагосьці гэтай знясільваючай галадоўкай?
Развагі Доларс і Мэрыэн у зняволенні — важная лінія серыяла. Ці не памыліліся яны, калі прамянялі асабістае на грамадскае і прысвяцілі жыццё ІРА? І ці перамаглі яны, зрабіўшы менавіта такі выбар? Дылема, якую могуць круціць у галаве і беларускія палітвязні — сярод якіх няма тэрарыстаў, таму простай паралелі няма. Але ёсць людзі, якія паставілі на кон усё. Звонку можа падацца, што яны прайгралі. Але калі будзе фініш гэтай гульні, каб падвесці вынік?
Доларс. Кадр з фільма
Але гісторыя Доларс і Мэрыэн — не адзіная сюжэтная лінія. Хто з баявых лідараў ІРА вырашыць перайсці на прымірэнчыя пазіцыі і палічыць, што за ўладу трэба змагацца ў парламенце, а не з выбухоўкай у руках? І ці ўдасца ў такім выпадку схаваць усе старыя шкілеты ў шафе?
Адказы дае не толькі серыял, але і само жыццё, бо «Нічога не кажы» заснавана на рэальных падзеях.
За 30 гадоў канфлікту ў Паўночнай Ірландыі загінулі больш за 3500 чалавек: 1123 сілавікі, 394 парамілітарныя прыхільнікі Ірландыі, 151 парамілітарны прыхільнік Брытаніі, а таксама 1854 мірныя жыхары.
Але цяпер на чале Паўночнай Ірландыі ўпершыню стаяць нацыяналісты з партыі «Шын Фейн» («Мы самі») — дзеці ўдзельнікаў ІРА. І значыць, неўзабаве можа з'явіцца рэальны шанец на ўз'яднанне з Ірландыяй, не ваеннае, а мірнае.
Міру без ахвяр не бывае?
Чытайце таксама:
Сёстры па-над сястрынствам. Якім атрымаўся амбіцыйны серыял «Дзюна: Прароцтва»
Чым цікавая «Эмілія Перэс» — самы дзівацкі фільм з фаварытаў «Оскара»
«Эмілія Перэс», «Бруталіст», «Анора», «Плынь». Назвалі намінантаў на «Оскар»