У Беларусь прыляцеў галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміі з сынам і генераламі
17.02.2025 / 23:54
З візітам у Мінск 17 лютага прыбыў Вярхоўны галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміі Халіфа Белкасім Хафтар, паведаміла БелТА. Яго ў аэрапорце сустрэў старшыня КДБ Іван Церцель.
Іван Церцель сустракае Халіфу Хафтара ў аэрапорце. Фота: БелТА
З паведамлення прэс-службы Лівійскай нацыянальнай арміі стала вядома таксама, што Халіфу Хафтара суправаджаюць ягоны сын генерал-лейтэнант Садам Хафтар, начальнік штаба сухапутных войскаў, кіраўнік канцылярыі Халіфы Хафтара генерал-лейтэнант Аюб Бусейф і генерал-маёр Басім аль-Буайшы.
Госці з Лівіі. Фота: Лівійская нацыянальная армія
Афіцыйнай мэтай візіту ўсіх гэтых генералаў заяўлена ўзаемадзеянне Лівіі і Беларусі ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, а таксама эканамічнае супрацоўніцтва.
Аднак жа, мяркуючы па чыста вайсковым складзе дэлегацыі, можна меркаваць, што найхутчэй гаворка пойдзе пра пастаўкі ў Лівію зброі і супрацоўніцтва ў іншых падобных сферах, што Беларусь практыкуе даўно. У кастрычніку мінулага года, дарэчы, у Мінск ужо прыязджаў Садам Хафтар, які ўваходзіць у склад лівійскай дэлегацыі і цяпер.
Падчас сустрэчы ў аэрапорце. Фота: Лівійская нацыянальная армія
У Лівіі цяпер ідзе грамадзянская вайна і цэнтральны ўрад у Трыпалі не кантралюе большую частку тэрыторыі краіны. На непадкантрольнай тэрыторыі акурат валадарыць Лівійская нацыянальная армія на чале з Халіфой Хафтарам, таму ён з'яўляецца не проста военачальнікам, а фактычна правіцелем гэтай тэрыторыі.
Хафтар мае цесныя сувязі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, і менавіта ў Лівію, на кантраляваную ім тэрыторыю цяпер пераводзяцца войскі з вайсковых баз у Сірыі, якім стала там не вельмі ўтульна пасля зрынання рэжыму Башара Асада ў канцы мінулага года.
Чытайце таксама:
У порт Тартуса прыйшлі расійскія караблі. Расія выводзіць войскі з Сірыі?
Беларусь працягвае пастаўкі зброі ў Лівію
Сын непрымірымага ворага Кадафі прыбыў у Беларусь, каб заключыць пагадненне