БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Мы ў самы складаны момант не прынялі ультыматуму. Не прымем і цяпер

18.02.2025 / 18:43

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам у Анкары пракаментаваў перамовы паміж прадстаўнікамі Масквы і Вашынгтона, якія прайшлі сёння ў Саудаўскай Аравіі.

Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo/Matthias Schrader

Прэзідэнт Украіны зноў паўтарыў сваю пазіцыю, што рашэнне аб спыненні вайны не можа прымацца без Украіны, а самі перамовы «не павінны праходзіць за спінай» Кіева.

«Не можа быць рашэння без Украіны, як завяршыць вайну ва Украіне. Нас не запрашалі на гэтую сустрэчу, на расійска-амерыканскую сустрэчу ў Саудаўскай Аравіі. Для нас гэта было сюрпрызам, як і для многіх. Гэтую інфармацыю мы атрымалі з медыя», — сказаў Зяленскі.

Праведзеную ў Эр-Рыядзе сустрэчу Зяленскі параўнаў з ультыматумам, які Масква выстаўляла ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну (у тым ліку пра скарачэнне колькасці УСУ і адмовы ад акупаваных Расіяй тэрыторый).

«У мяне такое ўражанне, што цяпер адбываюцца нейкія перамовы, і яны з такім жа настроем адбываюцца, але яны адбываюцца паміж прадстаўнікамі Расіі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Пра Украіну, зноў пра Украіну і без Украіны.

Цікава, калі мы ў самы складаны момант не пайшлі на ўсе гэтыя ўльтыматумы, адкуль такое адчуванне, што цяпер Украіна на гэта пойдзе», — заявіў Зяленскі.

Ён дадаў, што «ніякіх дамоўленасцяў ні падчас акупацыі Кіеўшчыны рускімі, ніякіх дамоўленасцяў падчас сустрэчы ў Беларусі, ніякіх дамоўленасцяў падчас сустрэчы ў Турцыі ў нас з рускімі не было».

«Я як прэзідэнт Украіны нікому нічога не гарантаваў, нікому нічога не пацвярджаў. Тым больш ісці на ультыматумы Расіі не збіраўся. І не збіраюся», — падкрэсліў Зяленскі.

Заўтра ён збіраўся ехаць у Саудаўскую Аравію, але на той жа прэс-канферэнцыі заявіў, што візіт перанесены на 10 сакавіка. 

Чытайце таксама:

Зяленскі перанёс прызначаны на заўтра свой візіт у Саудаўскую Аравію

Сталі вядомыя важныя ўмовы для мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай

Крэмль: Пуцін гатовы да перамоваў з Зяленскім

Чаму Трамп прапанаваў правесці перамовы з Пуціным у Саудаўскай Аравіі

Каментары да артыкула