На вайне ва Украіне загінуў жыхар Татарстана, якога 27 гадоў таму прысудзілі да смяротнага пакарання
27.02.2025 / 18:30
Падчас уварвання ва Украіну загінуў 60-гадовы Расім Гарыпаў, асуджаны ў 1998 годзе да смяротнага пакарання за забойства і нашэнне халоднай зброі, выявіла «Медыязона». Пра гібель Гарыпава паведаміў кіраўнік Ютазінскага раёна Татарстана, у якім ён жыў.
Расім Гарыпаў
Расіма Гарыпава пахавалі 17 лютага гэтага года, а загінуў ён, паводле звестак чыноўніка, яшчэ ў мінулым жніўні.
«Расім Рашытавіч — гонар Расіі і Рэспублікі Татарстан. Ягоны подзвіг назаўжды застанецца ў нашай памяці, стане прыкладам мужнасці і гераізму для многіх пакаленняў татарстанцаў», — напісаў кіраўнік раёна.
«Медыязона» высветліла, што ў 1998 года Вярхоўны суд Татарстана прысудзіў Гарыпава да смяротнага пакарання па артыкулах аб нашэнні халоднай зброі і забойстве двух або больш чалавек. Пазней яго памілавалі, змяніўшы смяротнае пакаранне на 25 гадоў калоніі.
У зняволенні Гарыпаў неаднаразова спрабаваў дамагчыся ўмоўна-датэрміновага вызвалення, але яму адмаўлялі. Толькі ў 2017 годзе неадбытую частку пакарання яму замянілі на абмежаванне свабоды.
Чытайце таксама:
Расследавальнікі далі новую ацэнку загінулых расійскіх вайскоўцаў на вайне ва Украіне
Вядомыя імёны мінімум 100 тысяч расіян, якія загінулі на вайне з Украінай
Расіяне запусцілі ў сетцы відэа з адсечанай галавой украінскага вайскоўца