Расіяне запусцілі ў сетцы відэа з адсечанай галавой украінскага вайскоўца
2 лютага ў інтэрнэце расійскія рэсурсы пачалі распаўсюджваць фота ўкраінскага вайскоўца з адсечанай галавой на пасудзіне. Артур Дабрасердзеў, упаўнаважаны па пытаннях асоб, зніклых без вестак пры асаблівых абставінах, паведаміў, што яго ведамства папярэдне ўстанавіла асобу загінулага, піша Бі-бі-сі — Украіна.

У паведамленні, апублікаваным у афіцыйным тэлеграм-канале ўпаўнаважанага, пазначана, што Нацыянальная паліцыя ўжо праводзіць неабходныя следчыя дзеянні і ўстанаўлівае кантакт з роднымі загінулага.
«З мэтай забеспячэння няўхільнасці адказнасці краіны-агрэсара, кожнае ваеннае злачынства старанна дакументуецца, а адпаведная інфармацыя перадаецца ў міжнародныя прававыя інстытуты», — гаворыцца ў паведамленні ўпаўнаважанага.
Паведамленні аб забойстве ўкраінскіх ваеннапалонных расійскай арміяй з'яўляюцца ўсё часцей.
Самае масавае пазасудовае пакаранне адбылося ў кастрычніку 2024 года. Тады армія РФ расстраляла 16 украінскіх вайскоўцаў, якія здаліся ў палон каля горада Пакроўск у Данецкай вобласці.
У канцы студзеня гэтага года амбудсмэн Дзмітро Лубінец распаўсюдзіў інфармацыю аб тым, што расіяне жорстка забілі па меншай меры шасцярых украінскіх бяззбройных ваеннапалонных.
Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека ва Украіне з канца жніўня 2024 года зафіксавала 79 пазасудовых пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных у 24 асобных інцыдэнтах. Пра гэта гаворыцца ў заяве ад 3 лютага 2025 года.
Лубінец у кастрычніку 2024-га паведамляў, што Украіна зафіксавала больш за 100 выпадкаў, калі расейскія жаўнеры расстрэльваюць украінскіх вайскоўцаў.
Каментары