«Рыгор, пара вызначацца. Трэба ці крыжык зняць, ці штаны надзець» — праваслаўны святар звярнуўся да Азаронка
Святар беларускага праваслаўнага прыхода ў Вільні Аляксандр Кухта ў новым выпуску ТОКу расказаў сваё меркаванне, навошта прапагандыст Рыгор Азаронак трымае на стале абразы і ці дапамогуць яны яму.

Звычка трымаць у сваёй працоўнай прасторы праваслаўныя абразы, на погляд святара Аляксандра Кухты, дастаткова распаўсюджаная з'ява сярод чыноўнікаў і сілавікоў. Таму ён не здзіўляецца, што і на стале прапагандыста Рыгора Азаронка яны прысутнічаюць.
«Ён не адзін такі. Таму што, наколькі я разумею, чалавек — гэта істота, якая калі чыніць зло, усё адно нешта яго ўсярэдзіне точыць. І хочацца заключыць нейкую маленькую дамову з Богам: «Госпадзе, а давай я тут абкладуся ўсякімі рознымі амулецікамі, прачытаю ўсе неабходныя малітвы, пастаўлю правільна свечкі, паслухаю правільнага ідэалагічна вернага бацюшку, які супакоіць маё сумленне і буду сябе адчуваць добра». Але ўсё роўна нешта трошкі падточвае», — даводзіць Кухта.
Святар апісвае супярэчлівасць паміж вонкавай пабожнасцю і ўнутранай маральнай пустатой прадстаўнікоў улады і сілавых структур у Беларусі і Расіі. Ён заўважае, што ў кабінетах чыноўнікаў і сілавікоў можна ўбачыць іконы і рэлігійныя кнігі, хаця гэтыя людзі падтрымліваюць і здзяйсняюць жорсткія, антычалавечыя і антыхрысціянскія дзеянні. Аўтар выказвае думку, што рэлігія для гэтых людзей — не сапраўдная духоўная каштоўнасць, а хутчэй інструмент, каб заглушыць уласнае сумленне:
«Гэтыя людзі чамусьці ходзяць у царкву, чамусьці хрысцяць сваіх дзяцей. Хіба што для таго, каб вось гэтую дзірачку неяк заткнуць і закрыць, і хіба што неяк аблегчыць свой боль».
У сваю чаргу, сістэма, на думку святара, не толькі цынічна выкарыстоўвае царкву для падтрымання сваёй легітымнасці, але і для таго, каб «закрываць вось гэтыя дзірачкі, з якіх праточваецца сумленне, каб сумленне не перашкаджала жыць».
Што тычыцца непасрэдна Азаронка, то святар заўважае, што, на яго погляд, у прапагандыста засталося нешта чалавечае, што ён яшчэ можа ўсвядоміць сваю памылковасць і змяніцца:
«Наколькі я ведаю, ён таксама называе сябе веруючым хрысціянінам, за праваслаўе спрабуе тапіць, пры гэтым другою рукою нясе абсалютна антычалавечыя, абсалютна антыхрысціянскія рэчы, якія несумяшчальныя ні з чым, што можна хоць неяк апісаць прыстойнымі словамі. Мне падаецца, што ён не ўсё згубіў».
На камеру Аляксандр Кухта звярнуўся да Рыгора Азаронка:
«Рыгор, пара вызначацца. Тут трэба ці крыжык зняць ці штаны надзець. А вось уседзець на двух крэслах, і на елку залезці, і калготкі не парваць не ўдасца. Усё ж такі з Богам так не працуе. Так што вырашайце».
Каментары