Ціханоўская: 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць зброю для Расіі
Падчас візіту ў Страсбург Святлана Ціханоўская выступіла перад Камітэтам міністраў Рады Еўропы. Удзел у гэтай сустрэчы ўзялі амбасадары і дыпламаты 46 краінаў свету, паведамляе прэс-служба беларускай дэмакратычнай лідаркі.

У сваёй прамове Ціханоўская закранула ключавыя пытанні бяспекі ў рэгіёне і пагрозу расійскага кантролю над Беларуссю. Яна падкрэсліла, што нашая краіна ператварылася ў ваенны плацдарм для Расіі, дзе рэжым падтрымлівае вытворчасць зброі і рыхтуецца да новых сумесных вайсковых вучэнняў.
«Нядаўна Лукашэнка і Пуцін падпісалі новае пагадненне аб так званых «гарантыях бяспекі», якое толькі замацоўвае расійскі кантроль над Беларуссю. Неўзабаве яны плануюць вайсковыя вучэнні «Захад 2025» — аналагічныя тым, што праводзіліся ў 2022 годзе, перад поўнамаштабным уварваннем.
Я не веру, што беларускія войскі будуць удзельнічаць у вайне, бо ў грамадстве існуе антываенны кансэнсус. Але мы не можам выключаць, што Беларусь зноў будзе выкарыстаная для агрэсіі.
Беларусь стала не проста стартавай пляцоўкай, а ваенным цэхам для расійскай ваеннай машыны. 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць зброю для Расіі», — сказала Святлана Ціханоўская.
Яна звярнула ўвагу на тое, што падчас абмеркавання магчымасці мірных перамоваў, ёсць засцярога, што Беларусь стане «суцяшальным прызам» для Пуціна, што нельга дапусціць.
«Мы павінны патрабаваць вываду расійскіх войскаў не толькі з Украіны, але і з Беларусі, уключаючы ядзерную зброю. Толькі гэта можа гарантаваць стабільны і працяглы мір у рэгіёне. Украіна заслугоўвае рэальных гарантыяў бяспекі, і адной з іх можа быць вольная Беларусь, без расійскай прысутнасці», — сказала дэмакратычная лідарка.
Каментары
Zamiežnyja rynki, heta toļki dadatkovy kapital u skarbonku režymu, heta nie supraca, i jany nikoli nie razhliadalisia režymam, jak supraca.