У Германіі арыштавалі беларуску па падазрэнні ў дапамозе пры абыходзе санкцый
Грамадзянку Беларусі затрымалі ў Германіі па падазрэнні ў абыходзе санкцый у дачыненні да Расіі. Нямецкая мытня лічыць, што жанчына і двое яе змоўшчыкаў з Расіі экспартавалі ў Расію 192 дарагія аўтамабілі на суму 21,4 мільёна еўра, піша Reform.news.

12 красавіка супрацоўнікі Мытнага следчага ўпраўлення Берлін-Брандэнбург па даручэнні пракуратуры Берліна правялі пяць ператрусаў у Шпандау і Ландсхуце (Баварыя) і затрымалі 46-гадовую грамадзянку Беларусі.
Следства мяркуе, што з 5 красавіка 2022 года жанчына і два саўдзельнікі экспартавалі ў Расею люксавыя аўтамабілі.
З 15 сакавіка 2022 года экспарт у РФ прадметаў раскошы, у тым ліку аўтамабіляў, даражэйшых за 50 тысяч еўра, быў забаронены санкцыямі, а з 24 чэрвеня 2023-га забарона распаўсюдзілася на ўсе аўтамабілі.
Каб абысці забарону, беларуска пазначала, што машыны адправяцца не ў Расію, а ў Беларусь, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Аднак 186 з экспартаваных аўтамабіляў былі пазней зарэгістраваныя ў Расіі. Следства прыйшло да высновы, што яны першапачаткова прызначаліся для расійскага рынку, а трэція краіны служылі транзітнымі пунктамі, паведамляе pressportal.
Беларуску ўзялі пад варту, баючыся, што яна можа ўцячы. Падчас ператрусаў канфіскаваныя чатыры аўтамабілі прэміум-класа, два прычэпы-рэфрыжэратары, а таксама дакументы і носьбіты даных.
Нямецкія праваахоўнікі лічаць, што беларуска і яе саўдзельнікі маглі вывезці з Германіі 192 аўтамабілі агульным коштам 21,4 мільёна еўра.
Каментары