Грамадства55

«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх». Гутарка з экс-сілавіком, які быў паранены на пратэстах 2020-га

Павел прапрацаваў у праваахоўнай сістэме каля 20 гадоў і пакінуў службу задоўга да 2020 года. Аднак масавыя пратэсты закранулі яго ў літаральным сэнсе. У першыя дні ён выйшаў да «барыкадаў» і атрымаў раненне. У інтэрв'ю «Люстэрку» мужчына расказаў, як склаўся яго далейшы лёс, а таксама даў ацэнку таму, што адбываецца ў краіне.

AP Photo File

«Дзяржава страціла сваё сэнсавае напаўненне»

Павел — 65-гадовы афіцэр у адстаўцы. Службу ў сілавых структурах ён скончыў яшчэ да 2010 года, сыходзіў у высокім званні. Мужчына папрасіў не раскрываць яго асобу і прадставіць сябе як «юрыста з досведам у сферы судова-пракурорскай і следчай працы».

— У мяне даўно склалася меркаванне пра тое, што адбываецца ў краіне. Ужо з пачатку двухтысячных гадоў у мяне цалкам аформілася вызначэнне, што ў нас у Беларусі — арганізаваная злачынная супольнасць на чале з канкрэтнымі персаналіямі. Перш за ўсё гэта самазванец. Я змяніў сваё жыццё, кінуў працу. І сышоў у сябе, заняўся сваімі агародамі і рыбалкай, — пачынае свой аповед суразмоўца.

Ён адразу прапануе дамовіцца пра «сістэму каардынат» і тлумачыць паняцці, якія выкарыстоўвае. Дзейную ўладу ў Беларусі Павел называе не інакш як «арганізаваная злачынная супольнасць», Аляксандра Лукашэнку — самазванцам, які захапіў уладу незаконным шляхам, сілавыя ведамствы — псеўдаправаахоўнымі органамі, а палітвязняў — закладнікамі і пацярпелымі. Ён лічыць, што амніставаць іх нельга — толькі вызваліць. Гвалт сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і ператрусы з пагромамі — паводле яго ацэнкі, тэрарыстычныя дзеянні.

— Дзяржава страціла сваё сэнсавае напаўненне, — разважае ён. — Перастала быць арганізацыйна-прававым утварэннем, што выконвае і рэалізуе інтарэсы народа, крыніцы ўлады. Вонкавая шкарлупіна і ўся атрыбутыка выкарыстоўваюцца арганізаванай злачыннай супольнасцю для рэалізацыі сваіх карысліва-бандыцкіх мэтаў і планаў. Гэта незаконны захоп і ўтрыманне ўлады — раз. І рэалізацыя сваіх карыслівых нізкіх матываў бандай Лукашэнкі — два.

Павел кажа, што на момант сыходу з сілавых структур не бачыў магчымасцяў змяніць сітуацыю ў краіне, не бачыў і лідараў. Але працягваў сачыць за тым, што адбываецца і падтрымліваць кантакты з людзьмі ўнутры сілавых структур.

«Дзіця, ты пачнеш біцца з імі, яны будуць цябе забіваць»

У 2020 годзе адстаўны афіцэр зразумеў, што «наспявае нейкая правакацыя». У першыя дні жнівеньскіх пратэстаў Павел даведаўся пра жорсткія дзеянні сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў — і не змог заставацца дома.

— Я, натуральна, пайшоў для таго, каб альбо мінімізаваць наступствы для народа, альбо неяк з карысцю паўдзельнічаць, — тлумачыць ён.

Людзям на вуліцы мужчына даваў рэкамендацыі «перш за ўсё думаць пра гарантаванне ўласнай бяспекі, а не спрабаваць паказаць, якія мы рамантыкі і цяпер будзем змагацца з АМАПам». Кажа, трапіў у трохі «дурное становішча»:

— Вымушаны быў на так званых барыкадах казаць: «Дзеткі, збірайцеся, сыходзьце, хавайцеся, стойце на адлегласці 300 метраў ад гэтага АМАПа са сцягамі, паказвайце, што вы ёсць, і адразу ж хавайце іх, калі яны да вас бягуць».

Суразмоўца ўспамінае адзін з дыялогаў таго дня — з дзяўчынай, якая была гатовая да сілавога супрацьстаяння. «Дзіця, ты пачнеш біцца з імі, яны будуць цябе забіваць. Ты розніцу разумееш? У вас ёсць тут санітарна-эвакуацыйная служба? У вас ёсць сувязь, штабная праца, вы падрыхтавалі нешта?» — «Нешта ты, дзед, такі… Правакатар».

Неўзабаве мужчына скіраваўся дадому — і пачаўся сілавы разгон акцыі. Іншыя пратэстоўцы разбегліся, а ў Паўла трапілі дзве гумовыя кулі. Першую дапамогу яму аказалі людзі побач. На хуткай афіцэра даставілі ў медустанову і там прааперавалі. Ён кажа, што аднаўляўся «як сабачка».

— Мне сказалі хадзіць на другі дзень, я ў першы пайшоў, — успамінае суразмоўца. — А як? Толькі пераадоленне. Першыя два дні разрэзаная дзірка баліць, а потым проста свярбіць, гэта вам любы доктар скажа.

Праз некалькі дзён мужчыну выпісалі. Ён звярнуўся з заявай у Следчы камітэт, па факце ранення завялі крымінальную справу. Праўда, вінаватых не знайшлі дагэтуль. Мужчыну запрашалі даць паказанні ў якасці пацярпелага — але яго на той момант ужо не было ў краіне.

Рашэнне пакінуць Беларусь Павел прыняў неўзабаве пасля выпіскі ў 2020-м. Кажа, калі б працягваў лячэнне на радзіме — гэта магло «скончыцца сумна», а з пацярпелага яго б перавялі ў разрад падазраваных па крымінальнай справе.

— Досвед ранейшай працы дазволіў мне змадэляваць сітуацыю, высунуць версіі, якія сталі асновай для прыняцця рашэння і дзеяння. Гэтыя версіі потым пацвердзіліся — пра тое, што рэпрэсіі будуць безупынна нарастаць з кожным месяцам і годам, — лічыць мужчына, якому ў Беларусі давялося пакінуць усё звыклае жыццё. — Ды мне ў тысячу разоў лепш было б заставацца дома. Я дарослы чалавек, які адбыўся, у мяне ўсё было. Што называецца, поўны пакет: кватэра, «колы», участак, сябры, захапленні.

Пераезд мужчыну даўся цяжка, ехаць давялося «ў нікуды» — праз транзітную краіну трапіў ва Украіну, дзе ў яго не было нікога з блізкіх. На дапамогу прыйшлі іншыя людзі.

— Звяртаўся да сваіх сувязяў, якія мне падшуквалі нешта і казалі: вось там цябе могуць сустрэць, перажывеш некалькі дзён, а тут падтрымаюць. Або «табе хутка перададуць 200 даляраў праз нашых сяброў», — расказвае ён.

Ва Украіне Павел жыў у людзей, якія пайшлі насустрач і здалі жыллё за мінімальную цану, дадаткова дапамагаў па гаспадарцы на іх участку. Расказвае, што не грэбаваў працай, працаваў грузчыкам у краме. Да таго ж спрабаваў дапамагаць грамадска-палітычным арганізацыям. Прапаноўваў сваё супрацоўніцтва і праваахоўным ведамствам Украіны, але там не ацанілі яго ініцыятывы.

У першы дзень поўнамаштабнага ўварвання — 24 лютага 2022 года — ён пакідаў краіну «пад паветранымі трывогамі». Кажа, не мог заставацца там, будучы прадстаўніком дзяржавы-агрэсара, тым больш з улікам сваёй мінулай працы.

«Сэрца згарэла за два гады»

Далей мужчына скіраваўся ў Польшчу — і сутыкнуўся з новымі цяжкасцямі.

— Прыязджаеш — кватэры няма, грошай на ежу няма, ведання мовы няма. Куды пайсці, дзе аформіць PESEL — не ведаеш, навошта ён — не ведаеш. [На працу ўладкавацца] немагчыма, бо ўзрост — раз, кваліфікацыя — два, мова — тры… — кажа ён.

У Польшчы Павел пражыў каля двух гадоў. Афіцэр з удзячнасцю адклікаецца пра жыхароў гэтай краіны — як простых людзей, так і дзяржслужбоўцаў. Успамінае, як тыя дэманстравалі дабрыню і клопат. Мужчына атрымліваў дапамогу па гуманітарных праграмах. Сам ён апісвае гэта як «браў бомж-пакеты паесці». Калі купляў прадукты ў краме — стараўся эканоміць.

З арэнднай платай за кватэру Паўлу дапамагала гуманітарная арганізацыя. Аднак па заканчэнні двух гадоў працягваць выплаты яны не маглі. У выніку ў пэўны момант афіцэр «сеў на нуль» і апынуўся «на вуліцы»: у яго ўжо не было магчымасці аплачваць жыллё і прадукты.

У выніку яго «забралі да сябе» родныя ў іншую краіну. Мужчына не гатовы падрабязна расказваць пра сваё цяперашняе становішча, але не можа назваць яго шчаслівым: «Гэта, у прынцыпе, тая ж турма, толькі без наглядчыкаў».

Кажа, цяпер жыве дзякуючы «выпадковым падпрацоўкам» і падтрымцы родных, а таксама інтэнсіўна шукае магчымасці працаваць. Да таго ж «выдаткі мінімізаваў так, што агідна».

За ўвесь гэты час здароўе афіцэра ў адстаўцы не палепшылася. Павел лічыць, што ўсё праз перажыванні — «сэрца згарэла за два гады». Суразмоўца кажа, што людзей, якія трапілі ў вымушаную эміграцыю, трэба лічыць пацярпелымі:

— Рэжым напракудзіў на мільёны людзей. Напрыклад, мне пераезд быў не патрэбны, я гэтага не хацеў, але заштурхала сюды гэтая банда.

Але на пытанне, ці не шкадуе пра тое, як усё склалася, рашуча адказвае: не.

— Не толькі не шкадую. У нас іншага шляху не было, — дае адназначную ацэнку ён.

«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх да чортавай маці»

Цяпер Павел актыўна сочыць за навінамі, дыскутуе з палітыкамі і YouTube-блогерамі, прапануе ўласныя ініцыятывы. Кажа, калі заўтра палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца — гатовы вярнуцца і працаваць, хоць у «канцылярыі».

Мужчына дагэтуль ахвотна разважае пра падзеі 2020 года. З ягоных словаў, убачыў тады тысячы «цудоўных людзей», якія дзейнічалі «добрасумленна» і «цалкам правільна», не хочучы ніякага гвалту. Але праз адсутнасць падрыхтоўкі і арганізацыі атрымаўся «стрэл у нікуды».

— Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх да чортавай маці, — упэўнены адстаўны афіцэр.

Пры гэтым ён адзначае, што ў простых грамадзян тады было права на самаабарону — але ў той сітуацыі скарыстацца ім было немагчыма. Ён нагадвае, што такое права ёсць у беларусаў і цяпер:

— Права неабходнай абароны ў грамадзян краіны захоўваецца да поўнага спынення супрацьпраўных дзеянняў. Акрамя таго, усе дзейныя супрацоўнікі ўнутраных войскаў, спецназа, МУС і г. д. маюць права і абавязаныя прымаць вычарпальныя меры для аднаўлення законнасці і правапарадку, канстытуцыйнага ладу ў краіне.

Павел актыўна прапануе праекты, скіраваныя на вызваленне Беларусі, — як публічныя, так і непублічныя. Напрыклад, дзеліцца ідэяй ствараць дыскусійныя клубы беларусаў у розных гарадах замежжа. А яшчэ ўпэўнены, што трэба загадзя распрацаваць законапраекты і структуры, якія спатрэбяцца пасля падзення рэжыму Лукашэнкі.

«Так і кажуць: «Загад даюць — а я што?»»

Разважаючы пра тое, чаму так мала людзей у пагонах прадэманстравала салідарнасць з беларускім народам, суразмоўца кажа пра селекцыю ў гэтай сістэме. Раней для таго, каб працаваць у МУС, здавалі інтэлектуальныя і псіхалагічныя тэсты. Але паступова патрабаванні знізіліся, галоўным стала, каб кандыдат «выконваў заданне дубінкай дубасіць». Для такіх людзей важным фактарам сталі бясплатнае жыллё і іншыя матэрыяльныя даброты.

— Ведаю некаторых, яны так і кажуць: «Загад даюць — а я што?» Кажу: «Слухай, ну я ж цябе вучыў, што акрамя загаду ёсць яшчэ закон, на якім мусіць грунтавацца гэты загад. У цябе ёсць галава, і ты мусіш аналізаваць». — «А я не разабраўся». Але калі ўжо рукі ў крыві — дык потым ужо і разбірацца не вельмі, — разважае ён і дадае, што для чыноўнікаў на высокіх пасадах у пэўны момант падключылі маніпуляцыі «кампраматам». — Сталі працаваць паводле прынцыпу: спачатку набіраем на чалавека негатыў, што ён бярэ хабар, крадзе. Дакументуем усё гэта, збіраем. Матэрыял праверкі захоўваецца. Як толькі яго прызначаюць на пасаду міністра аховы здароўя або генеральнага пракурора — ва ўпраўленне справамі ўсю «компру», яны глядзяць: ну так, добра. І чалавек на кручку.

Яшчэ ў гады службы Павел перасякаўся з калегамі па МУС, унутраных войсках, пракурорамі, суддзямі. У тым ліку — з Андрэем Шведам, які да верасня 2020 года дарос да пасады генеральнага пракурора.

— Я быў супрацоўнікам ужо з імем і з прафесійным багажом. А ён — непрыкметная такая істота. Ціхі такі, заўсёды ўважліва слухаў, — успамінае мужчына. — Адчувалася, што такі, ведаеце, выканаўца, што яму хочацца заставацца ў канторы. Я працаваў заўсёды спакойна: выганяць — ну і што, у мяне рукі ёсць, буду дрэвы саджаць ці дамы будаваць. А ён — гэта катэгорыя «я ўсё зраблю, чаго жадаеце?». Такіх супрацоўнікаў ва ўсіх ведамствах з гадамі станавілася ўсё больш.

Павел спадзяецца, што ўсіх вінаватых у рэпрэсіях чакае справядлівы суд — не ў далёкай Гаазе, а ў Беларусі.

— Немагчыма абмяркоўваць, пераможа народ Беларусі ці не. Ён пераможа з непазбежнасцю. Проста мы не можам сказаць, калі гэта будзе: праз 20 хвілін, праз год ці 12 гадоў, — упэўнены суразмоўца. — І сілавікі гэта таксама разумеюць. Чаму яны цяпер стварылі ўсялякія «спартыўна-патрыятычныя клубы»? Асноўная матывацыя — страх. Разумеюць, што натуральнае развіццё сітуацыі вядзе да таго, што Лукашэнка будзе змецены, знесены да чортавай маці. І яны разам з ім. І надыдзе момант — так бы мовіць, эра законнасці. Дык вось, каб яе адсунуць, яны менавіта цяпер ператвараюць моладзь у «манкуртаў» (людзей, якія забыліся на свае нацыянальныя карані і сваю роднасць. — Заўв. рэд.). Асабліва важна давесці да ведама праціўнікаў дэмакратычных пераменаў, карнікаў і тэрарыстаў, што самазванец і яго «цуд» рухаюцца да фіналу. Гэта агонія асуджаных. Таму лагічнае развіццё непазбежна прывядзе ўсіх памагатых рэжыму да законнай адказнасці. А мінімізаваць яе пакуль яшчэ могуць і абавязаныя самі «ябацькі».

Каментары5

  • Дf
    12.03.2025
    Бастылія ня ўзята
  • Хатаскрайнік
    12.03.2025
    «Дзіця, ты пачнеш біцца з імі, яны будуць цябе забіваць. Ты розніцу разумееш? У вас ёсць тут санітарна-эвакуацыйная служба? У вас ёсць сувязь, штабная праца, вы падрыхтавалі нешта?»

    Дык гэта ТВАЯ задача дапамагчы арганізаваць усё гэта. А ня тых дзяцей. Калі ты падрыхтаваны і маеш веды. Прыйшоў павумнічаць на барыкады. Дзякуй за парады. Вельмі карысна. Удачы ў эміграцыі.
  • цыкада
    12.03.2025
    лукашенки, тертели станут пылью

Цяпер чытаюць

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?14

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?

Усе навіны →
Усе навіны

«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх». Гутарка з экс-сілавіком, які быў паранены на пратэстах 2020-га5

Ціханоўская: 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць зброю для Расіі4

«Мы ж браты». Даведаліся, навошта для школ Магілёўскага раёна закупілі расійскія сцягі20

Беларусу выставілі абвінавачанне ў падпале гіпермаркета ў Варшаве па заданні расійскіх спецслужбаў2

УСУ арганізавана адступаюць з Курскай вобласці. Расіяне занялі Суджу13

Як цяпер выглядае мост у цэнтры Мінска, які ўжо двойчы ствараў праблемы кіроўцам?2

Саакашвілі асудзілі яшчэ на дзевяць гадоў турмы2

Віцэ-прэзідэнт ЗША адказаў на з'едлівую крытыку свайго стрыечнага брата, які ваяваў за Украіну3

«Мяч на баку Расіі» азначае, што Масква цяпер можа адчуць ціск2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?14

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць