Актыўнае сэксуальнае жыццё вельмі часта пачынаюць дастаткова рана, у 11-12 гадоў. Праўда, тут ёсць адно вялікае «але»
Сэксолаг-псіхатэрапэўт расказаў пра сэксуальнасць беларусаў і ўплыў на яе новых тэхналогій, а таксама даў парады, як захаваць сэксуальнае жыццё з узростам.

На погляд сэксолага-псіхатэрапеўта Васіля Шаўлякова, сэксуальнасць беларусаў дастаткова яскрава выяўленая. Гэта бачна як у культуры, так і ў гісторыі. Цяпер яна перажывае новы віток змен, звязаных як з развіццём лічбавых тэхналогій, так і з трансфармацыяй узаемаадносін паміж людзьмі, у тым ліку ў пары.
Што да праблем, з якімі звяртаюцца беларусы, то ў інтэрв'ю АНТ спецыяліст заўважае, што асноўныя складанасці звязаныя з рознымі сэксуальнымі расстройствамі і дысфункцыямі, калі чалавек не можа паўнавартасна рэалізоўваць сваю сэксуальную актыўнасць у адносінах. Таксама актуальныя пытанні якасці сэксуальнага жыцця, яго бяспекі і экалагічнасці.
Акрамя таго, сёння асаблівая ўвага надаецца тэме нарматыўнасці — дзе праходзіць мяжа паміж здаровымі сэксуальнымі адносінамі і тымі складанасцямі, якія патрабуюць усведамлення і прапрацоўкі.
Што рабіць, каб быт не пазбавіў сэксуальнага жыцця
Шаўлякоў звяртае ўвагу на той факт, што асноўная складанасць у падтрыманні актыўнага сэксуальнага жыцця ў пары звязана з руцінай, побытам, працай і дзецьмі. З часам у адносінах часта губляецца інтымнасць, а ў партнёраў не застаецца прасторы не толькі адно для аднаго, але і для сябе.
Калі партнёры пачынаюць заўважаць праблему і спрабаваць яе вырашыць, аказваецца, што назапасілася ўжо занадта шмат нявырашаных пытанняў, крыўдаў і расчараванняў.
Пераадолець гэты крызіс бывае складана, але гэта магчыма. У такіх сітуацыях дапамагаюць адкрыты дыялог, пошук новых формаў узаемадзеяння, усвядомленае аднаўленне інтымнасці. А калі справіцца самастойна не ўдаецца, можна звярнуцца да спецыялістаў, якія дапамогуць разабрацца з праблемамі і вярнуць гармонію ў адносіны.
Як захаваць сэксуальнае жыццё пары ў сталым узросце
Па словах сэксолага-псіхатэрапеўта, каб захаваць гарманічнае сэксуальнае жыццё ў сталым узросце, пары важна ўлічваць тры ключавыя фактары: здароўе, фізічная актыўнасць і сэксуальная практыка.
«Лічыцца, што калі ў чалавека дастаткова актыўнае, яркае сэксуальнае жыццё да, напрыклад, 55 гадоў, то далей асабліва нічога не мяняецца. Вядома, сэксуальная актыўнасць крыху зніжаецца, яна становіцца больш пачуццёвай, больш эратычнай, больш далікатнай.
Людзі становяцца больш андрагіннымі, іх рысы маскуліннасці, феміннасці, мужнасці і жаноцкасці ўваходзяць у пэўную гармонію, і гэта дазваляе пары больш пачуццёва ўдавацца ў сэксуальнасць», — даводзіць Шаўлякоў.
Па словах сэксолага, некаторыя спецыялісты лічаць, што жанчынам сталага ўзросту падтрымаць сэксуальную актыўнасць можа дапамагчы гарманальная падтрымка.
Аднак гэтае пытанне застаецца спрэчным, бо паралельна з гэтым існуе і іншае меркаванне. Яго прыхільнікі лічаць, што натуральная перабудова арганізма важная для пераходу ад «падлеткавай» сэксуальнасці да сталай. Умяшанне ў гэты працэс можа выклікаць непажаданыя рэакцыі з боку псіхікі і фізіялогіі.
Як вызначыць прычыну зніжэння сэксуальнай функцыі
Вядома, што парушэнне сэксуальнай функцыі можа быць звязана з фізічнымі ці псіхалагічнымі праблемамі.
Калі сэксуальныя праблемы суправаджаюцца стрэсам, выгараннем, перажытымі крызісамі ці псіхалагічнымі траўмамі, то, хутчэй за ўсё, прычына менавіта ў псіхіцы. Часта можна адсачыць, што парушэнні пачаліся пасля пэўнай падзеі ці ў складаны перыяд жыцця.
Як тлумачыць сэксолаг-псіхатэрапеўт, пры псіхалагічных прычынах стан нестабільны: у адзін дзень усё добра, у іншы — не. Таксама можа назірацца залежнасць ад партнёра: з адным усё атрымліваецца, з іншым узнікаюць цяжкасці. Такая дынамічнасць — відавочная прыкмета таго, што праблема псіхалагічная.
Калі парушэнні пастаянныя і не залежаць ад настрою, партнёра або абставін, гэта можа сведчыць пра фізіялагічныя прычыны. У адрозненне ад псіхалагічных праблем, якія могуць змяняцца з цягам часу, фізічныя парушэнні, як правіла, патрабуюць медыцынскага ўмяшання.
Ці нармальна не хацець сэксу
«Наша сэксуальнасць — гэта вельмі дынамічны працэс, дзе няма пастаянства. Мы ўвесь час знаходзімся ў некаторым змяненні ад павышэння нашай сэксуальнай актыўнасці да яе паніжэння. І гэтыя хвалі ўвесь час пранізваюць наша жыццё», —
заўважае сэксолаг і адзначае важнасць разумення гэтай дынамікі, каб успрымаць зніжэнне альбо змену сваёй цягі, узбуджэння як нянорму.
Аднак, па словах спецыяліста, у апошнія дзесяцігоддзі агульны ўзровень стрэсу ўзрос настолькі, што многія людзі проста не вытрымліваюць. Гэта прыводзіць да зніжэння энергіі, псіхаэмацыйнага выгарання, што непасрэдна адбіваецца на сэксуальнай актыўнасці.
З фізіялагічнага пункту гледжання, заўважае Шэўлякоў, сэкс не з'яўляецца жыццёва неабходным, як сон ці харчаванне. Аднак яго адсутнасць уплывае на якасць жыцця, змяншае ўзровень задавальнення, эмацыйную блізкасць у адносінах і матывацыю да змен.
Мужчынская палігамія: міф ці рэальнасць?
Як сцвярджае спецыяліст, палігамнасць мужчын — гэта хутчэй стэрэатып, чым біялагічная неабходнасць. Даследаванні паказваюць, што палігамнасці няма. Жаданне мець адразу некалькіх партнёраў — індывідуальная асаблівасць, якая можа быць уласцівая як мужчыну, так і жанчыне.
«Ёсць мужчыны і жанчыны, якім патрабуецца дастаткова вялікая разнастайнасць сэксуальных адносін, сэксуальных партнёраў. Ёсць людзі, якім гэта не патрэбна. І гэта больш залежыць хутчэй ад культуры выхавання, ад іх яркай агрэсіўнасці, у тым ліку палавой канстытуцыі.
Мы ніколі не з’яўляемся нейкім прадуктам нашых інстынктаў, тым больш што даўно даказана, што насамрэч інстынктаў як такіх няма. То-бок мы самі заўсёды выбіраем, што мы будзем рабіць, як мы будзем рабіць, і нясём за гэта некаторую адказнасць», — даводзіць Шаўлякоў.
Як лічбавізацыя паўплывала на зумераў?
Сучаснае маладое пакаленне вырасла ў эпоху лічбавых тэхналогій, што паўплывала на іх адносіны да сэксуальнасці і інтымнага жыцця. Дзякуючы інтэрнэту, сацсеткам і кнігам падлеткі сталі значна раней атрымліваць інфармацыю пра сэксуальнасць.
«Гэтае інфармаванне, з аднаго боку, значна стымулюе сэксуальнае развіццё, і на сёння мы можам ужо смела казаць, што ў 9 гадоў гэта ўжо падлетак. І актыўнае сэксуальнае жыццё вельмі часта на сёння пачынаюць дастаткова рана, гэта ў 11-12 гадоў.
Праўда, тут ёсць адно вялікае «але». Гэта тычыцца ў асноўным даследавання ўласнага цела, яго рэакцыі, даследавання цела партнёра, сэксуальнага ўзаемадзеяння, але гэта не датычыцца палавога акта», —
даводзіць сэксолаг-псіхатэрапеўт і звяртае ўвагу на вынікі даследаванняў, якія паказваюць, што ўзрост уступлення ў паўнавартасныя палавыя і сэксуальныя адносіны значна змясціўся. Зараз гэта адбываецца звычайна ў 19-20 гадоў.
Як адзначае спецыяліст, сучасная моладзь ставіцца да сэксу больш свядома, імкнучыся разабрацца ў сваіх жаданнях і межах, перш чым пачынаць актыўнае палавое жыццё.
Маладое пакаленне верыць у шлюб і пазбягае выпадковых сэксуальных сувязяў. Іх бацькі ў шоку
Сэкс да шлюбу царква дазваляе? Адказвае святар
«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця
Ці залежыць сэксуальнасць ад нацыянальнасці?
Каментары
да сталай