Віцэ-прэзідэнт ЗША адказаў на з'едлівую крытыку свайго стрыечнага брата, які ваяваў за Украіну
Вэнса спыталі пра крытыку брата, які назваў яго і Трампа «карыснымі ідыётамі Уладзіміра Пуціна». Нэйт Вэнс два з паловай гады ваяваў ва ўкраінскай арміі.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс адказаў у панядзелак на крытыку свайго стрыечнага брата Нэйта наконт яго стратэгіі ў расійска-ўкраінскай вайне.
Нэйт Вэнс, які ваяваў ва Украіне супраць Расіі, распавёў СМІ свае думкі наконт перамоваў паміж прэзідэнтам Дональдам Трампам, віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Вэнсам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

«Дональд Трамп і мой стрыечны брат, відавочна, думаюць, што змогуць абыграць Уладзіміра Пуціна. Яны памыляюцца. Рускія не збіраюцца забываць пра нашу падтрымку Украіны. Мы карысныя ідыёты Уладзіміра Пуціна», — выказаўся ён.
Нэйт Вэнс дадаў, што пакінуў паведамленні ў офісе свайго стрыечнага брата на гэтую тэму. «Я мог сказаць яму праўду, без прытворства, без асабістых інтарэсаў. Ён не спрабаваў даведацца больш», — дадаў Нэйт Вэнс.
У заяве для Fox News Digital віцэ-прэзідэнт Вэнс сказаў, што ніколі не казаў публічна пра службу свайго стрыечнага брата, таму што «не хацеў падвяргаць сваё жыццё яшчэ большай небяспецы, чым яно было».
«Што тычыцца яго крытыкі, я не зацікаўлены ў спрэчках з ім публічна, але я лічу неабходным закрануць адну праблему ў прыватнасці: яго няўдалую спробу звязацца са мной. Я не разумею, чаму Нэйт адчуў неабходнасць звярнуцца ў мой офіс у Сенаце, а не да сваёй мамы, бацькі або сястры, з усімі з якімі я рэгулярна кантактую», — сказаў Вэнс.

Віцэ-прэзідэнт дадаў, што «заўсёды лічыў Нэйта самым цвёрдым чалавекам, якога [ён] ведаў», і што ён «заўсёды быў рады з ім пагаварыць».
47-гадовы Нэйт Вэнс — стрыечны брат віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса і былы амерыканскі марскі пехацінец. Ён быў добраахвотнікам у складзе вядомага падраздзялення ўкраінскай арміі пад назвай «Ваўкі Да Вінчы».
У Нэйта і Джэй Дзі Вэнса супольныя бабуля з дзядулем, маці Джэй Дзі — сястра бацькі Нэйта.
З 18 да 22 гадоў Нэйт служыў у амерыканскай марской пяхоце, пасля ў Тэхасе рабіў кар'еру ў нафтавай кампаніі.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна Расіі ва Украіне, ён рашыў паехаць на фронт. У чэрвені 2022 года мужчына ўжо быў на Данбасе. Ён удзельнічаў у баях за Купянск, Бахмут, Аўдзееўку і Пакроўск.
Нэйт звольніўся з украінскай арміі ў студзені 2025 года, за некалькі дзён да таго, як яго стрыечны брат быў прыведзены да прысягі як віцэ-прэзідэнт ЗША.
Каментары
Дзі Вэнс ні страчаны канчаткова ..