Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!
Дэпутат і былы спарынг-партнёр Лукашэнкі Алег Гайдукевіч заклікаў узмацніць закон «Аб адказных адносінах да жывёл», які толькі што запрацаваў.

Дэпутат Алег Гайдукевіч лічыць, што новы закон у цэлым збалансаваны, але для ацэнкі яго недахопаў патрэбны час. Аднак некаторыя палажэнні, на яго думку, патрабуюць узмацнення.
Гайдукевіч прапануе павялічыць штрафы для гаспадароў, якія выгульваюць сабак без павадка і намордніка. Акрамя таго, ён заклікае жорстка караць тых, хто не прыбірае за сваімі гадаванцамі, піша Sputnik.
«Другое — абавязковая ўборка за сваімі гадаванцамі. Тут трэба караць жорстка. Калі чалавек не прыбірае за сваім сабакам, трэба яшчэ больш узмацняць адказнасць.
Калі сабака пры ўсіх схадзіў у прыбіральню на дзіцячай пляцоўцы ці ў людным месцы, а гаспадар спакойна пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў. Тады мы адвучым парушальнікаў», — заявіў Гайдукевіч.
Таксама дэпутат прапануе ўзмацніць пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёламі.
З 1 студзеня ў Беларусі ўступілі ў сілу асобныя палажэнні Закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Паводле дакумента, жывёлам-кампаньёнам (за выключэннем сабак-павадыроў) забаронена заходзіць у крамы, медыцынскія і адукацыйныя ўстановы, а таксама на аб'екты культуры і спорту.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў, ужо пасля таго, як закон уступіў у сілу, здарыўся кур'ёзны выпадак.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў галасаваць на ўчастак у Універсітэце фізкультуры са сваім шпіцам Умкам, і сабака памеціў сцяну. Умкаў гаспадар, тым часам, спакойна адправіўся па бюлетэнь.
Каментары