Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?
Хлопцу хутка патлумачылі асновы бытавой эканоміі і ўрбаністыкі.

22-гадовы мінчук Жэня (@zhi.chko) апублікаваў у Threads правакацыйны допіс, у якім падзяліўся сваімі назіраннямі з мінскага метро:
«У 7 з 8 людзей iPhone, прычым зусім не старыя мадэлі (у мяне бюджэтны Samsung). Не падумайце, я не зайздрошчу і не лічу беднымі тых, хто ездзіць у метро, але ніяк не ўкладваецца ў мяне ў галаве, што людзі, якія могуць дазволіць сабе тэлефон ад $1000 (звярніце ўвагу, іх большая частка ў вагоне), не могуць дазволіць сабе танную машыну або паездкі на таксі».
Допіс сабраў сотні каментароў, у якіх людзі па пунктах разабралі ўсе спрэчныя сцвярджэнні маладога хлопца.
Па-першае, хлопцу нагадалі, што айфон не абавязкова павінен быць апошняй мадэлі: iPhone 14, які выйшаў у 2022 годзе, можна набыць за 600 даляраў, што па кішэні многім жыхарам сталіцы і не кажа нічога пра іх заможнасць.
Па-другое, нават калі тэлефон і каштуе больш за 1000 даляраў, то прыстойная машына каштуе ў дзясяткі разоў больш — 15-20 тысяч даляраў. На айфон можна назбіраць і купіць, а каб купіць машыну, то трэба браць крэдыт — гэта абсалютна розны ўзровень адказнасці і дастатку.
Акрамя таго, машыну, нават самую танную, трэба чымсьці запраўляць, рамантаваць, мыць, плаціць адмысловы падатак, а ў айфоне за некалькі гадоў — максімум замяніць засцерагальнае шкло.
Але галоўнае — развіты грамадскі транспарт, асабліва метрапалітэн, у вялікіх гарадах куды больш зручны і танны за ўласны аўтамабіль і таксі.
«Пра заторы не чулі, пра лагістыку? Адкрыю вам страшную таямніцу Мінска (ды і любога немалога горада): калі жывеш побач з метро і праца таксама побач з метро, то на метро хутчэй, зручней і танней, чым на аўто. І ўяўляеце, у Нью-Ёрку ў метро ездзяць нават багатыя бізнэсмены!» — адказала на допіс адна з каментатарак.
«Хлопчык жыве ў ружовых акулярах, ён не вельмі разумее кошт аўто і яго абслугоўвання, пытанне паркоўкі. Калі працуеш у цэнтры або побач — гэта жах, нават за грошы складана знайсці месца. А яшчэ машыну трэба запраўляць, і нават самая эканамічная малалітражка з мінімальным расходам абыдзецца за месяц даражэй, чым метро», — дадала іншая.
«Патраціць 90 капеек і крыху больш часу на метро ці 20 рублёў і трохі менш часу на таксі? Не кажучы ўжо пра асабісты аўтамабіль, які з'ядае шмат грошай. Што да самога iPhone, то гэта мог быць падарунак. Некаторыя тэлефоны на Android могуць каштаваць нават даражэй».
Прыгадалі і выпадкі, калі выбар на карысць аўто ў Мінску аказаўся найгоршым варыянтам:
«Былі квіткі ў тэатр у цэнтры Мінска. Прамільгнула думка пакінуць машыну на Усходзе і паехаць на метро ў вечары пятніцы. Але ў выніку гадзіну кружыліся ў цэнтры, на паркоўках машыны стаялі ледзь не адна на даху іншай. У тэатр у выніку не паспелі».
Хлопца западозрылі ў местачковасці і элементарнай зайздрасці, бо фокус яго ўвагі змешчаны на кошт тэлефонаў людзей у метро.
Нават маючы айфон, добрую працу і аўтамабіль, як адзначаюць карыстальнікі Threads, многія ездзяць на грамадскім транспарце, бо ён закрывае большую частку патрэбаў за мінімальны кошт. «Карона не спадае», — пішуць каментатары пад допісам. А таксі, кажуць яны, патрэбнае толькі калі трэба кудысьці хутка даехаць або ў раёне не вельмі добра наладжаны грамадскі транспарт.
Хлопец пагадзіўся з тым, што на метро танней і зручней, але калі ў час пік яму на галаву залазіць мужык з перагарам, то ён задумваецца пра паездкі на таксі ці на машыне, відаць, не маючы пакуль на гэта фінансавых магчымасцей. Але чаму людзі з дарагімі айфонамі не робяць такі выбар — засталося для яго незразумелым.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары