Цяпер усе камеры на беларускіх дарогах пачалі паралельна са сваёй асноўнай функцыяй адсочваць і аўтамабілі без пройдзенага тэхагляду. Такую інфармацыю 12 сакавіка распаўсюдзіла ў сацсетках Гродзенская Дзяржаўтаінспекцыя, заўважыў «Тэлеграф».

«Усе камеры кантролю хуткасці, а таксама камеры маніторынгу па ўсёй Беларусі зараз паралельна правяраюць дзяржтэхагляд аўтамабіля. Калі яго няма, робяць аўтаматычнае фота, а следам вам прыляціць «ліст шчасця» са штрафам», — гаворыцца ў заяве Гродзенскай ДАІ.
Кантроль за тэхаглядам з дапамогай дарожных камер у Беларусі ўвялі яшчэ ў 2023 годзе, аднак да нядаўняга часу гэтую функцыю маглі выконваць толькі асобныя камеры. На працягу ўсяго мінулага года кампанія «Белтэлекам», якая адказвае за сістэму камер вонкавага назірання, «Белтэхагляд» і ДАІ распрацоўвалі алгарытм узаемадзеяння.
У «Белтэхаглядзе» на пачатку мінулага года папярэджвалі, што на поўную моц новая сістэма сачэння на дарогах павінна запрацаваць у 2025 годзе. На пачатак гэтага года, паводле інфармацыі прадпрыемства, па ўсёй Беларусі налічвалася толькі 16 участкаў, абсталяваных камерамі, якія фіксуюць не толькі хуткасны рэжым, але і наяўнасць тэхагляду.
За кіраванне транспартным сродкам без допуску да ўдзелу ў дарожным руху вадзіцелям у Беларусі пагражае штраф у памеры да 3 базавых велічынь (126 рублёў). Калі ж «зловяць» без тэхагляду паўторна на працягу года, то памер штрафу павялічыцца да 5 базавых (210 рублёў).
Дарэчы, калі аўта без тэхагляду трапіцца на камеры фіксацыі некалькі разоў на працягу адных сутак, то штраф уласніку машыны за гэтае парушэнне выпішуць толькі адзін.
Каментары
мн. НВ велічыні, велічынь, велічыням, велічынямі, велічынях