Гісторыя22

Чаму на Беларусі насамрэч няма 700-гадовых дубоў і як старажытная архітэктура дапамагае батанікам

Беларускі навуковец Максім Ярмохін аднавіў тысячагадовую храналогію дрэваў, раскрыўшы таямніцы клімату, стыхійных бедстваў і нават самай халоднай зімы стагоддзя, піша «Зялёны партал». 

Бабровіцкі дуб адзін з найвялікшых у Беларусі, але памер не азначае старажытнасць. Фота: ruinsandmore.com

Гадавыя кольцы дрэў даюць навукоўцам унікальную магчымасць зазірнуць у мінулае і аднавіць карціну прыродных з’яў, што адбываліся сотні і нават тысячы гадоў таму. Дэндрахранолагі, якія вывучаюць гадавыя кольцы, здольныя не толькі вызначыць узрост дрэва, але і расшыфраваць, якія ўмовы навакольнага асяроддзя ўплывалі на яго развіццё.

Як патлумачыў «Зялёнаму парталу» былы загадчык лабараторыі лясной экалогіі і дэндрахраналогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Максім Ярмохін, дрэвы запісваюць у сваіх кольцах інфармацыю пра змены клімату, стыхійныя бедствы і нават глабальныя катастрофы. 

Бясконцая гісторыя дрэў

«Калі паглядзець на спіл дрэва, можна заўважыць, што адны гадавыя кольцы шырокія, іншыя — вузкія, а дзе-нідзе можна ўбачыць і зарослыя галінкі або пашкоджанні», — адзначае даследчык. Гэтыя адрозненні нясуць у сабе гісторыю ўмоў, у якіх расло дрэва.

Максім Ярмохін. Фота: bahna.land

Аналізуючы серыі гадавых кольцаў розных дрэў, навукоўцы могуць рэканструяваць прыродныя працэсы, што адбываліся сотні гадоў таму. 

«Гадавыя кольцы асабліва добра падыходзяць для даследавання кліматычных змен. Напрыклад, у залежнасці ад таго, дзе расло дрэва — на сухадоле, у балотах ці на пойме — яго кольцы будуць адлюстроўваць розныя параметры клімату», — тлумачыць Максім.

Апроч кліматычных з’яў, у гадавых кольцах можна знайсці сляды глабальных катаклізмаў. Адным з прыкладаў з’яўляюцца вулканічныя вывяржэнні. 

«Калі адбываецца буйны выбух і вялікая колькасць рэчываў выкідваецца ў атмасферу, асабліва ў стратасферу, гэта можа прывесці да змяншэння колькасці сонечнага святла, што таксама адлюстроўваецца ў гадавых кольцах. Яны выдатна фіксуюць і пажары, якія адбываліся ў тым месцы, дзе расце дрэва», — адзначае даследчык. 

Калі пажар праходзіць праз лес, многія дрэвы выжываюць, але на іх ствалах застаюцца пашкоджанні, якія бачныя ў кольцах.

Сляды ад пажараў на спіле старога дрэва. Фота: nps.gov

Такім чынам, вывучаючы спілы дрэў, можна не толькі вызначыць, калі адбываліся пажары, але і ацаніць іх маштаб і частату. Для некаторых рэгіёнаў свету, асабліва горных, важнай інфармацыяй, якую вучоныя атрымліваюць з гадавых кольцаў, могуць стаць даныя пра лавіны і дынаміку ледавікоў. 

«Лавіны наносяць сур’ёзныя пашкоджанні дрэвам, і гэтыя пашкоджанні захоўваюцца ў гадавых кольцах», — тлумачыць навуковец. 

Фактычна, дрэвы вядуць своеасаблівы «дзённік» усіх прыродных з’яў, што адбываліся вакол іх. 

І хоць чалавек не мог зафіксаваць, напрыклад, стыхійнае бедства тысячу гадоў таму, сёння навукоўцы могуць аднавіць яго гісторыю дзякуючы дэндрахраналогіі. Адной з галоўных пераваг дэндрахраналогіі з’яўляецца яе дакладнасць.

Эндру Дуглас (злева) адным з першых звярнуў увагу на паўтаральнасць змен у прыросце дрэў.

«Гадавыя кольцы дазваляюць рабіць рэканструкцыі з дакладнасцю да аднаго года, чаго не могуць забяспечыць іншыя метады. Для параўнання, іншыя навуковыя метады, такія як аналіз ледавіковых кернаў або каралаў, не могуць даць такую дакладнасць.

Калі мы маем магчымасць назваць дакладны год, напрыклад, што дрэва было ссечана ў 997-м годзе, то гэта сапраўды ўражвае», — дадае навуковец.

Сёння ў Еўропе ўжо пабудавана храналогія гадавых кольцаў, якая ахоплівае больш за 12 тысяч гадоў, а ў суседніх Польшчы і Літве даўно пабудаваны шматвекавыя храналогіі. 

Раней у Беларусі не існавала адзінай дэндрахраналагічнай базы, таму праца ішла павольна. Максім з калегамі пачалі збіраць археалагічную і гістарычную драўніну ў 2008 годзе, і толькі праз дзесяць гадоў ім удалося аб’яднаць усе фрагменты ў адзіную храналогію. 

«Заходняя частка Беларусі добра супадае з польскімі ці літоўскімі ўзорамі, але чым далей на ўсход, тым большая неабходнасць ствараць уласную базу даных», — адзначае навуковец.

Крыніцы дэндрахраналогіі — жывыя і мёртвыя

Для пабудовы працяглай храналогіі дэндролагі выкарыстоўваюць некалькі крыніц. У першую чаргу — гэта жывыя дрэвы. Аднак іх узрост абмежаваны.

Гадавыя кольцы дрэва ў нацыянальным парку «Лясы М'юра». Гэтае дрэва «бачыла» заснаванне ацтэкамі Тэначтытлана, і прыбыццё Калумба, і абвяшчэнне незалежнасці ЗША. У Беларусі, на жаль, такіх старых лясоў няма. Фота: Justin Sullivan / Getty Images

Адна з асноўных складанасцей дэндрахраналогіі ў Беларусі — гэта, як ні дзіўна, недахоп старажытных лясоў.

Тым не менш, у некаторых месцах усё яшчэ можна сустрэць сосны ва ўзросце 200—250 гадоў. Такія дрэвы захаваліся, напрыклад, у Белавежскай пушчы і ў Бярэзінскім запаведніку, або на балотах. Аднак у рэгіёнах з актыўнай лясной гаспадаркай старажытныя дрэвы сустракаюцца значна радзей.

Каб пашырыць храналогію і заглянуць далей у мінулае, навукоўцы выкарыстоўваюць не толькі жывыя дрэвы, але і драўніну з гістарычных пабудоў. Спачатку бяруцца ўзоры з сучасных дрэў, напрыклад, да 1800 года. Пры гэтым дрэвы не высякаюцца — навукоўцы выкарыстоўваюць метад карэння, калі са ствала вымаюць невялікі ўзор гадавых кольцаў. 

«Гэта як узяць аналіз крыві ў чалавека, нічога страшнага для дрэва няма», — жартуе даследчык.

Далей вучоныя шукаюць пабудовы XIX стагоддзя, зробленыя з такіх жа парод драўніны, як і жывыя дрэвы.

«Мы павінны выкарыстоўваць драўніну з таго ж рэгіёна, каб храналогія была дакладнай. Потым гадавыя кольцы жывых дрэў і драўляных пабудоў накладваюцца адно на адно, утвараючы бесперапынную серыю.

Калі мы знаходзім драўніну з будынка XIX стагоддзя, то атрымліваем дадатковы адрэзак мінулага. Гэтак крок за крокам можна вандраваць у мінулае», — кажа даследчык. 

Узорамі старажытнай драўніны паслужылі дошкі, на якія абапіраюцца скляпенні полацкай Спаса-Ефрасінеўскай царквы XII стагоддзя. Фота: інстаграм @polotsk_novopolotsk24

Звычайна найбольш старажытную драўніну можна знайсці ў цэрквах і касцёлах.

«Найстарэйшая пабудова, якую нам удалося датаваць, — гэта Спаса-Прэабражэнская царква ў Полацку. Даследаванне паказала, што дубы для яе будаўніцтва былі ссечаныя ў 1124—1137-х гадах», — кажа Максім Ярмохін.

Самая халодная зіма на Беларусі

Гадавыя кольцы могуць расказаць не толькі пра ўзрост дрэва, але і пра экстрэмальныя кліматычныя падзеі.

Адна з найбольш значных анамалій за апошнюю тысячу гадоў — гэта зіма 1939-1940 года, калі тэмпературы паветра падалі ніжэй 40 °C.

Пасля яе рост дрэў значна запаволіўся, а затым яшчэ дадалася і засушлівае лета, што добра бачна па вельмі вузкіх гадавых кольцах. 

«Калі зіма халодная, дрэва пачынае вегетацыю значна пазней, таму гадавое кальцо атрымліваецца вузкім», — тлумачыць навуковец.

Даследаванні паказваюць, што ў Беларусі галоўнымі фактарамі, якія ўплываюць на шырыню гадавых кольцаў хвойных парод, з’яўляюцца зімовыя і ранневясновыя тэмпературы. Летнія засухі таксама маюць значэнне, але найбольшая сувязь назіраецца менавіта з тэмпературай ранняй вясны і зімы.

Сосны здольныя працягваць фотасінтэз і ўзімку, што робіць іх найбольш каштоўнымі для дэндрахраналогіі. Фота: Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету 

Адзін з нечаканых фактараў, які ўплывае на шырыню гадавых кольцаў, — гэта фотасінтэз зімой. Пры тэмпературы да -4 °C сосны і елкі могуць працягваць паглынаць святло і запасаць пажыўныя рэчывы, якія могуць быць выкарыстаныя вясной.

«Хвойныя пароды, у адрозненне ад лістападных, захоўваюць хвою на працягу ўсяго года і могуць фотасінтэзаваць нават пры слаба адмоўных тэмпературах. Калі зіма цёплая, асабліва з частымі адлігамі, дрэвы не ўваходзяць у глыбокі стан спакою, а працягваюць хаця б мінімальна фотасінтэзаваць», — адзначае навуковец. Гэта дазваляе ім захаваць рэсурсы, якія пасля ідуць на рост у новым сезоне.

Аднак калі зіма суровая, працэс фотасінтэзу спыняецца, і вясной дрэвы пачынаюць рост без дадатковага рэсурснага «багажу». У выніку гадавое кальцо атрымліваецца значна вузейшым. Лістападныя пароды, такія як бяроза, вольха або дуб, не маюць такога механізму. 

«Калі дрэва скідае лісце, яно страчвае магчымасць фотасінтэзаваць узімку», — кажа Максім Ярмохін.

Таму аналіз шырыні гадавых кольцаў хвойных парод дае больш дакладную карціну зімовых тэмператур і ўмоў росту.

Дуб — выдатны выбар на будучыню

На падставе аналізу гадавых кольцаў навукоўцы могуць не толькі вывучаць мінулы клімат, але і прагназаваць, як будуць мяняцца беларускія лясы ў будучыні. 

«Мы ведаем, як клімат уплывае на шырыню гадавых кольцаў, а гэта значыць, што можам ацаніць, якія пароды будуць лепш адаптаваныя да новых умоў», — тлумачыць навуковец.

Ужо ў 2010 годзе была распрацавана першая стратэгія адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да кліматычных зменаў, у якой былі выкарыстаны дадзеныя дэндрахраналогіі. 

Дуб-Якуб найвялікшы ў Беларусі дуб, хоць яму ўсяго 250 гадоў. Фота: Звязда

«Асноўнае пытанне — якія пароды садзіць у будучыні?Калі клімат стане цяплейшым і сушэйшым, звычайная елка, напрыклад, не зможа выжываць так, як раней.

Аднак рашэнні, што прымаюцца на дзяржаўным узроўні, часам выклікаюць пытанні. Міністэрства лясной гаспадаркі пачало разглядаць ідэю высаджвання бука і піхты, але для мяне гэта выглядае спрэчна», — кажа навуковец.

Гэтыя пароды сапраўды любяць цяпло, але яны вельмі патрабавальныя да вільгаці. «Калі летам будзе засушліва, што тады рабіць з гэтым букам?» — задаецца пытаннем даследчык і прапануе рабіць стаўку на мясцовыя віды, якія ўжо гістарычна прыстасаваныя да беларускага клімату. 

«Напрыклад, дуб — гэта выдатны выбар», — адзначае ён.

Пры гэтым можна звярнуць увагу на абодва яго родныя віды, якія растуць у Беларусі: дуб скальны — які зараз сустракаецца толькі на самым захадзе Беларусі і лепш адаптаваны да засух; і дуб чарэшчаты — традыцыйны від, які расце па ўсёй краіне.

«Гэтыя дубы могуць нават ствараць гібрыды, што можа даваць ім дадатковую ўстойлівасць», — кажа даследчык.

Але, канешне, нягледзячы на тое, што дуб добра пераносіць засуху, у лясной гаспадарцы яго выкарыстанне застаецца складаным. Ён расце значна павольней, і першыя 10—15 гадоў за ім патрэбны пільны догляд. У адрозненне ад елкі, для якой дастаткова некалькі разоў зрабіць асвятленне, і яна будзе расці далей.

Аднак у доўгатэрміновай перспектыве дубовыя лясы могуць стаць больш устойлівымі да кліматычных змен. Іх трэба не толькі актыўна садзіць, але і абараняць, каб захаваць каштоўныя экалагічныя тэрыторыі.

Міфічныя 700-гадовыя дубы

Шматлікія крыніцы сцвярджаюць, што некаторыя беларускія дубы могуць дасягаць узросту 700-800 гадоў, але, як тлумачыць навуковец, гэтыя даныя не падмацаваныя навуковымі даследаваннямі. 

«Максімальны зафіксаваны ўзрост дуба ў Беларусі — каля 400 гадоў. А ўсе гэтыя шыльды пра 700-800 гадоў… Гэта, хутчэй, фальклор.

Я нават пра гэта жартую, што на плоце таксама шмат чаго напісана. Пры прысваенні статусу прыроднага помніка ўзрост часта ацэньваўся на вока, прычым з улікам гістарычных легенд. Мог нехта сказаць, што пад гэтым дубам нейкі вядомы ваяр адпачываў, і вось ужо яму «даюць» 800 гадоў», — іранічна заўважае даследчык.

Унушальныя памеры Пажэжынскага цар-дуба дазвалялі меркаваць, што дрэву не менш за 800 гадоў. Такі ўзрост быў нават пазначаны ў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі». На жаль, даследаванні, праведзеныя ў 2017 годзе, паказалі, што яму 380 гадоў, але тым не менш гэта найстарэйшае вядомае дрэва Беларусі. Фота: Wikimedia Commons

Праблема вызначэння дакладнага ўзросту старых дрэў у тым, што яны з часам становяцца пустымі знутры.

Гніль і пашкоджанні прыводзяць да страты значнай часткі кольцаў, таму дакладна вызначыць іх узрост становіцца немагчыма. Аднак нават калі дрэва вялікае, гэта не азначае, што яно старажытнае.

Сцелмужскі дуб, «найстарэйшы дуб Еўропы», відаць, з'яўляецца некалькімі дубамі, якія зрасліся разамі. Фота: Wikimedia Commons

Максім прыводзіць у прыклад вядомы Сцелмужскі дуб (літ. Stelmužės ąžuolas) у Літве, якому прыпісваюць ад 1 000 да нават 2 000 гадоў. 

«Аднак калі паразмаўляць з дэндрахранолагамі, яны лічаць, што гэта, хутчэй за ўсё, не адно дрэва, а некалькі дубоў, якія зрасліся разам.

Такія гістарычныя памылкі часта звязаныя з легендамі і турыстычным інтарэсам. Для турыстаў гэта прыгожа — мець 700-гадовы дуб. Але калі правесці навуковы аналіз, лічбы могуць быць зусім іншымі», — падкрэслівае ён.

Каментары2

  • занадтабеларускі гвалт
    13.03.2025
    >аб’яднаць усе кавалкі
    фрагмент - гэта фрагмент
    а
    кавалак - ГЭТА ПРА ТОЕ, ШТО НЯДАЎНА БЫЛО ЦЭЛЫМ!
    кавалак = кусок, ломоть, обрубок
  • Жвір
    13.03.2025
    Адчапіліся б тыя навукоўцы ад прыроды, навошта ім ведаць, што ды як было? што было - тое сплыло, а што будзе таго не абмінеш.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу7

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы хочуць увесці падатак для бігтэхаў, але ЗША гэта не падабаецца2

«Я баялася, што яна будзе выглядаць менавіта так». Беларуска два гады шукала магілу сваёй бабулі ў Польшчы — і нарэшце знайшла3

Халезін: Жыццё пасля смерці існуе, мы ўсе жывём у грыбной матрыцы22

Лукашэнка зняў з пасады начальніка Акадэміі МУС1

«Будуць выстаўленыя невыканальныя ўмовы». У Крамлі абмяркоўваюць сцэнары адмовы ад часовага перамір'я5

НАСА скарысталася Марсам як трамплінам, каб разагнаць зонд у бок Юпітэра1

У Івана-Франкоўску адбыўся тэракт, выбухоўка ўзарвалася ў руках падлеткаў4

Ва Украіне загінуў баец, які паходзіў з карэннага новазеландскага народа маары

ЗША спадзяюцца на дапамогу Украіны ў вытворчасці дронаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу7

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць