У Мінску неўзабаве з'явяцца 20 беспілотных трамваяў
8.03.2025 / 16:49
Да сярэдзіны 2025 года трамвайны парк Мінска папоўніцца яшчэ 20 трамваямі новага тыпу, а неўзабаве яны з'явяцца і ў Віцебску, расказаў намеснік гендырэктара «БКМ Холдынг» Аляксандр Казакевіч.
Фота: Sb.by
Першыя два экзэмпляры такіх трамваяў з'явіліся на вуліцах сталіцы ў пачатку года, а некалькі таксама ездзяць па Мазыры.
Нізкападлогавыя трамваі мадэлі Т811 абсталяваныя вялікай колькасцю дзвярэй. Гэта паскарае пасадку/высадку. Салон у мадэлі шырэйшы, а для маламабільных пасажыраў і асоб прыярытэтных катэгорый прадугледжаныя спецыяльныя пляцоўкі з сістэмай для ўтрымлівання і месцы для сядзення. У вагоне таксама ёсць кандыцыянер.
«Важна, што трамвай стварае менш шуму падчас руху ў параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. У транспартных сродках прадугледжаныя USB-раз'ёмы для зарадкі мабільных прылад, Wi-Fi, GPS і сістэма аўтаматычнага пажаратушэння. Трамваі абсталяваныя сістэмай відэаназірання, што дазваляе кіроўцу кантраляваць не толькі абстаноўку ў салоне, але і сачыць за сітуацыяй звонку», — пералічыў дадатковыя выгоды новага трамвая прадстаўнік прадпрыемства.
Ён таксама дадаў, што для кіравання вагонам тут выкарыстоўваюцца элементы беспілотнага кіравання. У перспектыве ўзровень беспілотнасці будзе толькі павышацца. А пакуль гэта сістэма «Антысон». Яна рэагуе на стан кіроўцы, а штучны інтэлект дазваляе аблічбоўваць маршруты для аўтаматычнага рэгулявання максімальнай хуткасці на участках дарогі.
У перспектыве збіраюцца памяняць увесь рухомы склад трамваяў Мінска. Стан пуцей і інфраструктура дазваляюць гэта зрабіць без праблем.
На «Белкамунмашы» таксама паведамілі, што прыкладна 95-98% цяперашняй прадукцыі прадпрыемства ідзе на экспарт. Выключэнне склаў 2024 год, калі асабліва ажывіўся ўнутраны рынак.
Чытайце таксама:
У Мінску паўтара месяца не будуць працаваць тры трамвайныя лініі