Мінчане заўважылі, што на маршрутах грамадскага транспарту стала больш гучаць рускай мовы.

У прыватнасці, аб’явы на рускай мове цяпер з’явіліся на маршрутах: №143 аўтобуса і №31 тралейбуса. Назіраннямі беларусы падзяліліся ў сацсетках, заўважыў Reform.news.
«Уважаемые пассажиры… На вашых маршрутах таксама загучала руская мова?» — занепакоіліся ўважлівыя мінчукі.
«У 143 аўтобусе так, учора загучала. Крыху непрывычна, скажу я вам».
«Тралейбус #31, сёння, па-руску».
«Жах, цяпер увесь транспарт па-расейску будзе?» — засталіся неабыякавымі да моўнай «рэформы» ў транспарце людзі.
На пэўных маршрутах па-руску гучыць толькі дадатковая інфармацыя, аб’явы прыпынкаў засталіся па-беларуску.
На іншых — знаёмы ўсім зварот «Паважаныя пасажыры» ўжо загучаў на рускай мове.
Беларускамоўныя паведамленні пакуль засталіся ў трамваях.
На сайце «Мінсктранса» аб’яў пра моўныя новаўвядзенні няма.
Нагадаем, што напрыканцы мінулага года вядомая прарасійская даносчыца Вольга Бондарава патрабавала ад дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс», каб прыпынкі ў грамадскім транспарце аб’яўлялі не толькі на беларускай, але і на рускай мовах.
Тады праўладная блогерка атрымала адказ за подпісам кіраўніка арганізацыі, што аб’явы на дзвюх мовах немагчымыя. Транспарт на прыпынках стаіць не больш за хвіліну — умясціць у гэты адрэзак паведамленні на рускай і беларускай складана. Акрамя таго, «Мінсктранс» узгадаў і інфармацыю на рускай мове, якая гучыць на маршрутах.
Сыходзячы з новых звестак, магчыма, «Мінсктранс» пайшоў-такі па ўступкі Бондаравай.
Каментары