БЕЛ Ł РУС

«Гэта як біць асла палкай па носе». Кіт Келаг патлумачыў, навошта ЗША спынілі падтрымку Украіны

8.03.2025 / 22:42

Nashaniva.com

Белы дом даў Украіне «сумленнае папярэджанне» перад тым, як прэзідэнт Дональд Трамп загадаў прыпыніць вайсковую дапамогу ЗША і абмен разведданымі з Кіевам, заявіў 6 сакавіка спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ва Украіне Кіт Келаг. Ён таксама сказаў, што гэтая паўза ўжо ўплывае на Кіеў, і дадаў, што ўкраінцы «самі ў гэтым вінаватыя», піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Кіт Келаг (справа) з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Кіеў, 20 лютага 2025 года. Фота: AP Photo/Evgeniy Maloletka

Журналіст спытаўся ў Кіта Келага, як паўплывае на Украіну спыненне вайсковай дапамогі і надання разведданых, і навошта ЗША гэта зрабілі. Келаг параўнаў поўнае прыпыненне дапамогі з тым, як жывёліну б'юць па мордзе, каб прыцягнуць яе ўвагу.

«Найлепшы спосаб апісаць гэта, — гэта як біць асла палкай па носе, — сказаў Келаг на мерапрыемстве ў Радзе па міжнародных адносінах. — Так вы прыцягнеце яго ўвагу».

Ён прывёў яшчэ адзін прыклад, у якім параўнаў размову з украінцамі з тым, як два ягоныя ўнукі спрабуюць прыцягнуць ягоную ўвагу, калі ён адхіляецца ад размовы, хапаючы яго за твар і кажучы: «Дзядуля, дзядуля, ну паслухай».

Келаг падкрэсліў, што гэта толькі паўза. Ён адкрыта сказаў, што спыненне вайсковай дапамогі Украіне — гэта ціск, каб прыцягнуць Украіну за стол перамоў на ўласных умовах.

Ён таксама расказаў, што перад сустрэчай у Авальным кабінеце на мінулым тыдні ўкраінцам выразна далі зразумець, што перамовы будуць сканцэнтраваны на падпісанні важнага пагаднення па карысных выкапнях.

«Мы ім сказалі: «Вось такая арганізацыя: вось што вы павінны сказаць, вы заходзіце, ёсць пагадненне пра металы, вы падпісваеце пагадненне, потым абед, прэс-канферэнцыя, і вы можаце быць вольныя», — апісаў Келаг падрыхтоўчую сустрэчу з удзелам 13 сенатараў.

Пасля, з ягоных слоў, сустрэча прэзідэнтаў у выніку сарвалася, таму што Зяленскі пачаў прымушаць Трампа, які спрабуе адыграць ролю пасярэдніка ў дасягненні міру паміж Украінай і Расеяй, стаць на бок Кіева.

«Гэта ператварылася ў прэс-канферэнцыю на 50 хвілін. Мы сказалі, гэта не тое, што павінна было быць, вы не павінны былі ператвараць гэта ў публічнае абмеркаванне мірных планаў, вам не трэба было чэленджыць прэзідэнта публічна. Украінскі бок быў пра гэта папярэджаны», — дадаў Келаг.

«Тое, што адбылося, гэта як бы сказаць з боку прэзідэнта ЗША — добра, вы хочаце гэтага? Будзем гуляць у realpolitik», — сказаў Келаг.

Фактычна ён прызнаў, што ўсе праблемы з пастаўкамі і жыццёва важнымі разведданымі выкліканыя менавіта той сваркай.

Чытайце таксама:

ЗША працягваюць перадаваць Украіне разведданыя, але ў абмежаваным аб'ёме

Трамп заявіў, што яму больш складана дамаўляцца з Украінай, чым з Расіяй

Сенатары-рэспубліканцы заклікаюць Трампа аднавіць дапамогу Украіне і яе доступ да разведданых

Залужны: ЗША руйнуюць сусветны парадак, а Расія прыйдзе па Еўропу

Дзяржсакратар Рубіа: Спыненне вайны ва Украіне запатрабуе саступак з абодвух бакоў

ЗША адключылі Украіне цэлепаказальнікі для HIMARS

«Туман вайны стане для УСУ значна больш густым». Да чаго можа прывесці адмова ЗША перадаваць свае разведданыя Украіне

Каментары да артыкула