БЕЛ Ł РУС

У палон да ўкраінцаў трапіў 33-гадовы наркаман з Віцебска, якога на фронце выкарыстоўвалі як «адкрывачку»

10.03.2025 / 18:34

Nashaniva.com

Відэа з Андрэем Лапатнёвым выйшла на канале Butusov Plus. Мы даведаліся пра беларуса больш.

Андрэй Лапатнёў. Скрыншот з канала «Бутусаў Плюс»

Андрэю Лапатнёву 33 гады. Па звестках Digital Intelligence Team, ён сапраўды беларус, нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Віцебску. На ўкраінскім відэа ён кажа, што вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, але з базаў «Кіберпартызанаў» вядома толькі, што Лапатнёў скончыў Віцебскі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці і тэхналогіяў.

У яго дзве малыя дачкі, але з жонкай ён у разводзе.

Лапатнёў змяніў вельмі шмат месцаў працы — ён працаваў у будаўнічых фірмах, пякарнях, заводзе «Марка», пладоваагароднінным камбінаце і іншых фірмах. Па стане на 2023 год віцебчук працаваў у будаўнічай фірме. На яго нумар зарэгістраваны актыўны акаўнт у анлайн-казіно.

Лапатнёў меў праблемы з законам. У яго больш за дзясятак адміністратывак за п'янкі. Таксама яго чатыры разы судзілі — за ўжыванне наркотыкаў па ч. 1 арт. 328 і за парушэнне рэжыму. З 2017 па 2019 гады ён правёў у калоніі №12 для рэцыдывістаў у Оршы.

Андрэй Лапатнёў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

На відэа Лапатнёў кажа, што збіраўся ехаць на працу ў Еўрасаюз. Але вырашыў ужыць наркотыкі, і яго зноў затрымалі. Пасля адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

У Лапатнёва выспеў план — нелегальна выехаць з Беларусі праз Расію. Ён даехаў да Масквы, але 2 красавіка 2024 яго затрымалі. Паліцэйскія прапанавалі яму кантракт на вайну — маўляў, тады пакарання не будзе. Па словах Лапатнёва, яго падманулі, паабяцаўшы, што на вайну ён не паедзе, будзе тылавіком.

«Хто мне дасць аўтамат, калі я наркаман? Думак пра тое, што буду ваяваць, у мяне не было, што я буду з аўтаматам некуды ісці, у некага страляць… У мяне зрок мінус 3, у каго я магу стрэліць», — расказаў палонны беларус.

Андрэй Лапатнёў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

У выніку Лапатнёў усё ж паехаў на вайну, трапіў у 123-ю мотастралковую брыгаду. Ён паўтара месяца вучыўся на палігоне, а пасля паўтара месяца працаваў у штабе.

Ён не спрабаваў звязацца з беларускімі ўладамі або сваякамі, а таксама падаў заяву на расійскае грамадзянства.

Пасля гэтага яму далі заданне — быць «адкрывачкай». Гэта чалавек, які ў складзе групы ідзе наперад і «ўскрывае» пазіцыі праціўніка — коштам свайго жыцця. Там Лапатнёў і трапіў у палон. Цяпер просіць, каб яго абмянялі і вярнулі ў Беларусь.

Чытайце таксама:

На вайне знік без вестак беларускі зваршчык, які паваяваў за Расію не больш за месяц

Стала вядома пра гібель «Бульбаша», які ваяваў за Расію

Прапагандысты паказалі памежніка, адказнага за пропуск расійскай арміі ва Украіну

Каментары да артыкула