БЕЛ Ł РУС

У Грэнландыі — выбары. Ці дапамогуць яны Дональду Трампу анексаваць гіганцкі востраў?

11.03.2025 / 8:49

Nashaniva.com

Выбары на самай вялікай выспе Зямлі з насельніцтвам усяго 60 тысяч чалавек ніколі не хвалявалі астатніх 8 млрд жыхароў планеты. Аднак у гэты аўторак да галасавання ў Грэнландыі прыкавана ўвага, бо па волі Дональда Трампа яна аказалася яблыкам разладу паміж ЗША і іх галоўным саюзнікам — Еўропай, піша ВВС. 

Сталіца Грэнландыі — Нуук.Фота: Steffen Trumpf / picture alliance via Getty Images

Трамп кажа, што гатовы набыць ці нават забраць сілай аўтаномную арктычную тэрыторыю Даніі — члена ЕС і саюзніка ЗША па НАТА.

Трампа спакушае абароннае і эканамічнае значэнне вострава. Праз Грэнландыю пралягае найкарацейшы шлях з Еўропы ў Паўночную Амерыку, ля яе берагоў даволі шмат рыбы, а нетры багатыя карыснымі выкапнямі, хай і цяжкадаступнымі.

Грэнландцы даўно заікаюцца аб незалежнасці. Выбары, якія праходзяць у аўторак, пакажуць, наколькі трывалыя векавыя путы, якія звязваюць арктычны востраў з Даніяй, і як яго насельніцтва і палітыкі збіраюцца разыграць козыр, які нечакана выпаў ім у стратэгічным супрацьстаянні новай Амерыкі Трампа са старой Еўропай.

Старая залежнасць лепшая за дзве новыя

Грэнландцы падтрымліваюць незалежнасць ад Даніі, паколькі ім непрыемна быць фактычна калоніяй, няхай і вельмі аўтаномнай.

Уладу над унутранымі справамі Данія даўно саступіла Грэнландыі, але працягвае аплачваць бясплатную адукацыю і ахову здароўя. Абарона і знешняя палітыка застаюцца ў падпарадкаванні Капенгагена.

Данія штогод пералічвае амаль 600 млн еўра, і тым самым пакрывае добрую палову выдаткаў грэнландскай казны.

Паводле апошніх апытанняў, за незалежнасць выступаюць больш за 80% жыхароў вострава, аднак на развод без утрымання гатовыя менш за палову.

«Ніхто не точыць нажы і не крычыць «Незалежнасць! незалежнасць!», — апісвае сітуацыю перад выбарамі сусветна вядомы грэнландскі геолаг Мінік Росінг. — Людзі абмяркоўваюць ахову здароўя, школы, які матор на лодку паставіць, па чым дызель сёння — звычайныя справы».

У парламенце большасць — у сепаратыстаў. І сёлетнія ўлады абяцаюць у свой час правесці рэферэндум аб незалежнасці ад Даніі. Аднак трапляць у залежнасць ад ЗША, і тым больш пры Дональдзе Трампе, грэнландцы не жадаюць.

«Грэнландыя належыць грэнландцам, і гэта трэба данесці да амерыканцаў, — сказаў перад выбарамі прэм'ер-міністр Муце Эгедэ. — Мы заслугоўваем павагі, але я не ўпэўнены, што амерыканскі прэзідэнт яе дэманструе».

«Мне здаецца, што ў святле паводзінаў амерыканскага прэзідэнта ў апошні час жадання збліжацца з ЗША ў людзей паменшыла», — сказаў ён у інтэрв'ю дацкаму грамадскаму радыё DR.

Прыхаваная пагроза

Грэнландцы гатовы атрымаць выгаду з нечаканай увагі з боку багатых залётнікаў і абаронцаў, аднак асцерагаюцца, што іх возьмуць падманам.

Улады занепакоеныя дэзынфармацыяй у сацсетках і пагрозай подкупу выбаршчыкаў. У лютым парламент законам забараніў палітыкам прымаць ахвяраванні ад замежнікаў і ананімных фундатараў.

Цяпер большасць у парламенце — 21 з 31 месца — кантралюе кааліцыя партый «Інуіт Атакватыгііт» («Народная супольнасць») і «Сіумут» («Наперад»). Як піша агенцтва Bloomberg, абедзве выступаюць за незалежнасць, але найбуйнейшая «Інуіт Атакватыгііт» не спяшаецца з рэферэндумам, а «Сіумут» абяцае правесці яго ў бліжэйшыя чатыры гады.

Але нават калі прыхільнікі незалежнасці ад усіх – і ад Даніі, і ад ЗША — зноў перамогуць на гэтых выбарах, пагроза не абміне.

Трамп адмаўляўся выключаць прымяненне сілы для кантролю над Грэнландыяй. З улікам яго стаўлення да ўварвання Расіі ва Украіну, такі варыянт развіцця падзей насцярожвае датчан.

«Заявы Трампа аб гатоўнасці захапіць Грэнландыю сілай вельмі нагадваюць рыторыку прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў дачыненні да Украіны,

— сказаў Бі-бі-сі Андэрс Фог Расмусэн, які паслужыў і прэм'ер-міністрам Даніі, і генеральным сакратаром НАТА. — Але я хацеў бы падкрэсліць, што мне асабіста здаецца, што амерыканцы не пойдуць на сілавы захоп Грэнландыі».

Чытайце таксама:

Трамп: ЗША атрымаюць Грэнландыю «так ці інакш»

Кіраўнік Еўрарады: Еўрасаюз гатовы абараняць тэрытарыяльную цэласнасць Даніі

Данія можа адказаць амерыканцам за Грэнландыю асіметрычным ударам. І гэта будзе адчувальна для эліт

У Еўрасаюзе прапанавалі размясціць у Грэнландыі еўрапейскія войскі

Лукашэнка выказаўся пра заявы Трампа аб Грэнландыі і Канадзе

Каментары да артыкула