Расія патрабуе «жалезабетонных гарантый» неўступлення Украіны ў НАТА
17.03.2025 / 10:15
У любым мірным пагадненні Масква будзе дамагацца гарантый таго, што Украіна не стане членам НАТА і застанецца нейтральнай краінай, заявіў намеснік міністра замежных спраў Расіі Аляксандр Грушко ў інтэрв'ю «Известиям».
Уладзімір Пуцін. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
«Мы будзем патрабаваць, каб часткай гэтага пагаднення сталі жалезабетонныя гарантыі бяспекі, — сказаў дыпламат. — Часткай гэтых гарантый павінен стаць нейтральны статус Украіны, адмову краін НАТА прымаць яе ў альянс. Уласна, менавіта гэтае палажэнне і было зафіксавана ў праектах адпаведных пагадненняў».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп спрабуе заручыцца падтрымкай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна адносна 30-дзённай прапановы аб спыненні агню. Ён паведаміў журналістам, што збіраецца пагаварыць з Пуціным у аўторак.
Грушко заявіў, што любая доўгатэрміновая мірная дамова па Украіне павінна адпавядаць патрабаванням Масквы.
Намеснік кіраўніка МЗС Расіі таксама выступіў супраць размяшчэння ва Украіне міратворцаў з краін НАТА.
«Міратворчасць і НАТА — увогуле несумяшчальныя рэчы», — сказаў ён. Паводле яго слоў, «рэальная гісторыя альянсу складаецца з ваенных аперацый».
Вялікабрытанія і Францыя заявілі, што гатовыя накіраваць міратворчыя сілы для маніторынгу спынення агню ва Украіне.
«Нам абсалютна ўсё роўна, пад якой шыльдай кантынгенты НАТА могуць быць размешчаныя на тэрыторыі Украіны: ці то Еўразвяз, НАТА або ў нацыянальнай якасці. У любым выпадку, калі яны з’яўляюцца там, гэта азначае, што яны размяшчаюцца ў зоне канфлікту з усімі наступствамі для гэтых кантынгентаў як боку канфлікту», — заявіў Грушко.
«Гаворка можа ісці і пра няўзброеных назіральнікаў, грамадзянскую місію, якая б сачыла за выкананнем асобных аспектаў гэтага пагаднення, або пра гарантыйныя механізмы. А пакуль — пустыя размовы», — дадаў ён.
Чытайце таксама:
Трамп мае намер пагаварыць з Пуціным заўтра
Дзяржсакратар ЗША расказаў пра два планы вырашэння канфлікту ва Украіне
Дзяржсакратар ЗША заклікаў да «асцярожнага аптымізму» адносна перамір’я паміж Украінай і Расіяй