БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская пра прапагандысцкі фільм БТ: Мы ніколі не будзем рызыкаваць людзьмі

19.03.2025 / 11:53

Nashaniva.com

Дэмакратычная лідарка пракаментавала прапагандысцкі фільм «Чужое неба», прадэманстраваны ўчора, і падман людзей для яго стварэння.

Фота: SOPA Images LightRocket via Getty Images

«Тое, што адбываецца, — абуральна. Выкарыстоўваць людзей ва ўразлівым стане, якія даверыліся знаёмым ці «журналістам» у спадзяванні атрымаць дапамогу, і ператварыць іх гісторыі ў інструмент прапаганды — гэта чарговае сведчанне таго, што рэжым абыякавы да чалавечага жыцця. Людзі, якія апынуліся ў цяжкіх умовах менавіта з-за рэжыму, заслугоўваюць падтрымкі і разумення, а не выкарыстання для «карцінкі» пра тое, як «дрэнна» ўцекачам. Цяжка ўявіць, што адчулі героі гэтага фільма, калі пабачылі, што іх словы, якія запісваліся нібыта для атрымання падтрымкі, апынуліся на экране дзяржаўнага тэлебачання», — зазначыла Святлана Ціханоўская.

«Некаторыя героі кажуць, што здымкі вяліся нібыта ад імя Офіса Святланы Ціханоўскай. Але мы ніколі не будзем рызыкаваць людзьмі. Усе ініцыятывы, якія ідуць ад нашага Офіса або пры нашым садзейнічанні, абавязкова прытрымліваюцца ўсіх прынцыпаў бяспекі: мая каманда не згадвае імёны без згоды і не дзеліцца ні з кім вашымі персанальнымі данымі», — дадала яна.

Палітык заклікае быць пільнымі, а калі браць удзел у апытаннях, інтэрв’ю ці праектах дапамогі — удакладняць, з кім маеце справу.

«Звяртайцеся да рэдакцыяў, каб праверыць журналіста, з якім камунікуеце. Не саромейцеся казаць «не», калі нешта выклікае сумнеў. Беражыце сябе, расказвайце іншым пра неабходныя меры бяспекі і не дазваляйце нікому выкарыстоўваць вашую даверлівасць», — зазначыла Святлана Ціханоўская.

Чытайце таксама:

На БТ зрабілі фільм пра тое, як беларусы ледзь выжываюць у Еўропе. Каб запісаць відэа, герояў жорстка падманулі

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Каментары да артыкула