Каб пабачыць старажытны Менск, трэба ехаць у Германію? Чаму на Захадзе па-іншаму глядзяць на славянскія крэпасці
23.02.2025 / 12:21
Раскопкі на гарадзішчы на Менцы паспрыялі цікаўнасці да старажытнабеларускай спадчыны. Але нашы ўяўленні пра старажытнасць далёкія ад праўды, пра што нечакана сведчаць помнікі далёка на захадзе.
Рэканструкцыя славянскай крэпасці Радуш у Германіі. Фота: Гугл Карты
Як сёння ўяўляецца старажытнабеларускі горад? Гэта акруглай формы пляцоўка, шчыльна забудаваная невялічкімі хаткамі, яе акружаюць магутныя валы, якія праразае шмат'ярусная брама, а па версе ідуць не менш магутныя драўляныя сцены. Гэты вобраз засвойваецца з дзяцінства — усе мастацкія рэканструкцыі найважнейшых славянскіх паселішчаў на Беларусі малююць іх менавіта так.
Але з гэтым вобразам не ўсё добра, пра што сведчаць натурныя рэканструкцыі славянскіх помнікаў далёка на захадзе, найперш, ва ўсходняй частцы Германіі. Высокая канцэнтрацыя падобных славянскіх крэпасцяў у гэтым рэгіёне тлумачыцца пастаянным ціскам германцаў, якія прасоўваліся на ўсход.
Крэпасці заходніх славян
На ўсёй тэрыторыі сучаснай Германіі, паводле ацэнак, існавала каля 700 славянскіх гарадзішчаў. Заходнія славяне ўзводзілі маштабныя абарончыя комплексы ў нізінах і на цяжкадаступных вяршынях узгоркаў, але амаль заўсёды каля вадаёмаў. Гэтым славянам пагражалі ўварванні вікінгаў, канфлікты з Франкскай імперыяй пад кіраўніцтвам Карла Вялікага і ўнутраныя звады. Самае ранняе вядомае славянскае ўмацаванне на тэрыторыі Германіі датуецца сярэдзінай VIII стагоддзя.
Рэканструкцыя славянскай крэпасці Пенігсберг у Брандэнбургу, узведзенай каля 870 года. На месцы грунту, выбранага для запаўнення рашэцістай (гакавай) канструкцыі крапасной сцяны, утвараўся роў, які запаўняла вада. Фота: Slawische Burganlagen in Deutschland / Бернд Фішэр
Заходнія славяне прыстасоўвалі пад свае крэпасці старыя закінутыя гарадзішчы бронзавага і жалезнага вякоў. Умацаванні звычайна мелі акруглую форму, іх узводзілі з дрэва, зямлі, гліны і бутавых камянёў. З пісьмовых сведчанняў другой паловы X стагоддзя вядома, што на выбранай для крэпасці тэрыторыі заходнія славяне будавалі рашэцістыя (гакавыя) і зрубныя канструкцыі, якія злучаліся паміж сабой. Гэтыя гародні яны забутоўвалі зямлёй, глінай, бутавымі камянямі і бытавым смеццем.
Рэканструкцыя апошняй фазы існавання крэпасці Пенігсберг. Каля 930 года сцяна была ўзмоцнена і пашырана да 9 м. Старая струхлелая канструкцыя была ўключана ў яе склад. Замест вала звонку рабілася прыстаўная канструкцыя, якую абкладалі камянямі, каб абараніць сцяну ад таранаў і падпалу. Фота: Slawische Burganlagen in Deutschland / Бернд Фішэр
Зямлю, якую засыпалі ў драўляныя каркасныя канструкцыі, часта бралі непасрэдна перад умацаваннем, у выніку чаго ўтвараўся штучны роў, што атачаў усю крэпасць. Нярэдка гэтыя неглыбокія равы пасля будаўніцтва запаўняліся вадой, бо большасць крэпасцяў таго часу размяшчалася ў вільготных нізінных мясцовасцях або паблізу вадаёмаў. Гэтыя шырокія равы перашкаджалі праціўніку наблізіцца да абарончых валоў крэпасці.
Такія сцены дасягалі вышыні ад 4 да 16 метраў і шырыні ад 10 да 20 м. На версе такога ўмацавання ставілі частаколы або нават накрытыя абарончыя галерэі. У тых месцах, дзе павінны былі быць брамы, умацаванні разрываліся і там ставілі высокія вартавыя вежы або рабілі вузкія тунэльныя праходы праз вал.
Тыповая канструкцыя ўмацаванняў славянскай крэпасці IX—X стагоддзяў у Германіі. Рэканструкцыя паводле Роні Кругера (2014). Фота: Slawische Burganlagen in Deutschland
Заходнія навукоўцы лічаць, што звонку сцен маглі быць дадатковыя канструкцыі, запоўненыя камянямі або абмазаныя глінай, каб абараніць драўляныя канструкцыі ад запальных стрэл.
Вялікія славянскія крэпасці, у якіх былі калодзежы і месцы для захоўвання запасаў прадуктаў і якія таму маглі вытрымліваць доўгія аблогі, былі закінутыя ў другой палове IX — пачатку X стагоддзя.
Пасля таго, як славянскія князі пацярпелі шэраг паразаў ад германцаў, вялікія крэпасці пачалі занепадаць. З канца IX стагоддзя пачалі ўзводзіцца меншыя, пераважна круглыя або авальныя кальцавыя ўмацаванні, якія будаваліся па той жа тэхналогіі. Такія крэпасці былі нават больш абараназдольнымі, а вышыня валоў дасягала каля 7—10 метраў, як у Грос-Радэн і Радушы.
Канструкцыя ўмацаванняў невялікай кругавой крэпасці Рэптэн у Брандэнбургу, пабудаванай у IX—X стагоддзях. Рэканструкцыя паводле Дэні Ноймана. Фота: Slawische Burganlagen in Deutschland
Пасля паспяховага славянскага паўстання 983 года зноў пачалі з’яўляцца буйныя ўмацаванні, якія ўсё часцей размяшчаліся на астравах, уздоўж рачных пратокаў або на паўастравах. Але тэхналогія будаўніцтва на працягу стагоддзя амаль не змянялася.
І гэтая тэхналогія, як бачна з апісання, ані ў чым не адрозніваецца ад таго, што знаходзяць беларускія археалогіі.
Славянская крэпасць Радуш
Рэканструкцыя славянскай крэпасці Радуш у Германіі. Фота: Гугл Карты
Асабліва ўвагу прыцягвае незвычайны выгляд славянскай крэпасці Радуш. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя тут выразна прасочваліся сляды кальцавога збудавання, але ў канцы стагоддзя над археалагічным помнікам навісла пагроза знішчэння.
У часы ГДР у гэтым раёне здабывалі буры вугаль і кар’ер няўхільна пашыраўся ў бок лужыцкай крэпасці. Улады надумалі яе знос, для чаго ў 1984 і 1989/1990 гадах тут правялі археалагічныя раскопкі, у выніку якіх быў знойдзены ідал узростам каля 1100 гадоў.
На сцяне крэпасці ў Радушы. Фота: Гугл Карты
Не кожнае славянскае ўмацаванне мела вежападобную браму, часта гэта мог быць проста праезд праз сцяну. Фота: Wikimedia Commons
Радуш выратавала аб’яднанне Германіі ў 1990 годзе. Здабыча бурага вугалю ў рэгіёне значна паменшала, а кар’ер быў закрыты яшчэ да таго, як яго край дасягнуў месца, дзе знаходзілася крэпасць.
Брандэнбургскае зямельнае ўпраўленне па ахове помнікаў і археалогіі распрацавала праект рэканструкцыі крэпасці. Фінансавала праект служба санацыі горназдабываючых прадпрыемстваў у рамках кампенсацыі шкоды.
Папярочныя бярвёны з вялікімі сукамі-гакамі трымаюць падоўжаныя бярвёны ў гакавай канструкцыі. Фота: Wikimedia Commons
Сёння крэпасць Радуш з'яўляецца культурна-гістарычным аб'ектам, што прыцягвае даследчыкаў і турыстаў, а таксама служыць нагадваннем пра старажытную гісторыю славян у рэгіёне.
Выгляд яе быў рэканструяваны навукоўцамі. І ён разбурае нашы стэрэатыпы адносна таго, як выглядалі старыя славянскія гарады: у аснове адносна невысокай крэпасці гакавыя канструкцыі, а на шырокай пляцоўцы сцен ніякіх умацаванняў акрамя пляцёнак з лазы. Замест магутнай брамы — найпрасцейшы праезд, тунэль праз сцяну.
Макет разбудовы славянскай крэпасці з уключэннем у новую сцяну старых гакавых канструкцый. Фота: Wikimedia Commons
Макет завяршэння пашырэння славянскай крэпасці з гакавых канструкцый. Фота: Гугл Карты
Сутнасць гакавай канструкцыі заключаецца ў наступным — перпендыкулярна лініі ўмацавання ўкладваліся адзін да аднаго, доўгія бярвенні, некаторыя (або кожнае) з якіх мелі на канцы тоўсты сук, апрацаваны ў выглядзе гака (крука). Пры ўкладцы бярвення крук скіроўваўся дагары. Астатняя частка бервяна абчэсвалася на чатыры грані, у адтуліны ў канцы бервяна забіваліся калкі для мацавання. Ушчыльную да гака, паралельна да лініі ўмацаванняў укладалася тоўстае дубовае бервяно. Прастору паміж гэтымі бярвёнамі запаўнялі пяском. Затым укладваўся новы рад гакаў, і новы рад тоўстых бярвёнаў. Пад цяжарам ніжнія бярвёны, з часам урасталі ў зямлю.
Рэканструкцыя працэсу ўзвядзенныя гакавых канструкцый. Фота: Гугл Карты
Калі вы падумалі, што гэта апісанне Радушы, то не — гэта апісанне гакавых канструкцый другой паловы XI ст., выяўленых з унутранага боку ў вале старажытнага Менска на Нямізе.
Гэта тэхналогія была добра знаёмая як заходнім, так і ўсходнім славянам. Але старажытнарускія гарады нават у самых смелых рэканструкцыях паказваюць зусім не так, як выглядае сёння Радуш.
Звычайна айчынныя мастакі і гісторыкі малююць горад за магутнымі валамі і сценамі на іх, над якімі дамінуе ўнушальных памераў брама. Розніцу патлумачыць досыць проста — Радуш не зусім горад і зусім не Русь. Але гэтыя аргументы толькі на першы погляд падаюцца лагічнымі.
Фантомныя валы
Рэканструкцыя Паўлам Рапапортам умацаванняў Мсціслава. Магутныя земляныя валы сталі неад'емным атрыбутам рэканструкцый умацавання старажытнарускіх гарадоў. Выглядае, што абаронцам было не менш складана ўзабрацца на такі вал, чым тым, хто штурмаваў горад.
Галоўнае адрозненне паміж рэканструкцыямі палягае ў наяўнасці магутных валоў. На ўспрыманне валоў старажытнарускіх гарадзішчаў як самастойных умацаванняў значны ўплыў аказалі фартыфікацыйныя сістэмы XVI-XVII стагоддзя, добра вядомыя першым даследчыкам.
Сутыкаючыся са старажытнымі помнікамі, гісторыкі XIX стагоддзя інтэрпрэтавалі валы як наўмысна створаныя ўмацаванні, кіруючыся прынцыпамі пазнейшага вайсковага дойлідства. Гэтае ўяўленне замацавалася ў навуковай традыцыі і перайшло да наступных пакаленняў славістаў.
Размешчанае на ўзгорку ўмацаванне не патрабавала высокіх сцен, надзейнай абаронай служыў сам рэльеф. Для абароны ад агню звонку сцены маглі абмазвацца глінай. Абарончыя ўмацаванні Ольдэнбурга ў Гольштайне (Старыгард) ў X стагоддзі паводле Ёахіма Германа (1985). Фота: Slawische Burganlagen in Deutschland
Гэта стала настолькі натуральным, што нават валы вышынёй 1-2 метры апісваліся як «абарончыя насыпы» і «абарончыя лініі з валоў і рвоў», хоць абараніць яны не маглі і ад дзікай жывёлы.
Такія валы абкружаюць больш за палову рускіх гарадзішчаў. Нават з улікам апаўзання з цягам часу, вельмі сумніўна, што падобныя ўкрыцці маглі быць самастойнай перашкодай для ворагаў. У Новы час нізкі земляны бруствер добра абараняў стралка, які ляжаў на зямлі, але ў часы Русі лучнікі стралялі стоячы.
Сэнсу насыпаць такія невысокія валы, каб зверху на іх паставіць драўляныя сцены, не было. Затрачаныя высілкі не давалі сувымернага абарончага эфекту. Дый пустацелыя сцены, якія некаторыя навукоўцы бачылі як працяг забутаванага зрубнага фундамента, гараць лепш, бо ўнутры зруба актыўна цыркулюе паветра.
На малюнку паказаны рэканструяваны разрэз класічнага славянскага ўмацавання і контуры вала, які ўтварыўся на яго месцы пасля разбурэння і пахаваў пад сабой ніжнюю частку канструкцыі. Рэканструкцыя паводле Р. Кругера (2022). Фота: Slawische Burganlagen in Deutschland
Але чаму тады такіх невысокіх валоў так шмат? Некаторыя даследчыкі выказваюць здагадку, што гародні адмыслова прысыпалі звонку. Праўда, сцены з такімі прысыпамі і прымётамі былі менш абараназдольнымі, чым проста вертыкальныя сцены. Пры аблозе Уладзіміра татары «ўнідоша по прымёту ў горад чрас сцяну», таксама была зроблена «прыспа» і пры аблозе Корсуня.
З’яўленне валоў і «ўнутрывальных канструкцый», відаць, тлумачыцца больш празаічна: пры ўзгаранні сцен, верхняя частка гародні гарэла больш інтэнсіўна, з яе высыпаўся грунт, які засыпаў ніжнія вянцы зрубаў.
Першапачатковы выгляд крапасной сцяны старажытнарускага горада і яе руіны. Паводле Юрыя Маргунова.
Прыкладная схема працэсу разбурэння гародні. 1 — першапачатковы выгляд, 2 — асыпанне сцяны, 3 — сучасны профіль разрэзу вала. Паводле Юрыя Маргунова.
Умацаванні без нейкіх падсыпак звонку мелі яўныя перавагі. Гародні абмазваліся глінай, што не давала намакаць забутоўцы і тым самым ахоўвала дрэва ад гніення. Спарахнелы фрагмент можна было лёгка замяніць, у той час як выявіць такі ўнутры вала было немагчыма.
Таму пераканаўчым выглядае меркаванне, што валы гэта насамрэч тое, у што з часам ператварыліся гакавыя і плеценыя канструкцыі, запоўненыя зямлёй, а не асобныя збудаванні з драўлянымі ўмацаваннямі ўнутры. Калі сцены разбураў пажар ці перабудова, зямля з верхніх гародняў стварала платформу для новай сцяны, хаваючы ніжнія зрубы.
Рэканструкцыя першапачатковага выгляду гакавых канструкцый крапасной сцяны лужыцкага Торнава (паводле І. Германа, 1966) і абарончай сцяны старажытнага польскага Гнезна (паводле В. Гензеля, 1977).
У заходнеславянскіх краінах і Германіі гісторыкі яшчэ ў 1950-х гадах прыйшлі да высновы, што драўляныя канструкцыі, якія знаходзяць унутры валоў славянскіх крэпасцей, гэта не што іншае, як рэшткі сцен з забутоўкай. І выкарыстанне такіх сістэм дыктавалася мясцовымі прыроднымі ўмовамі і асаблівасцямі гаспадаркі. Радуш — яскравае ўвасабленне гэтага тыпу славянскага абарончага дойлідства.
Гэтая ідэя была добра вядомыя савецкімі навукоўцамі, але ігнаравалася імі. На тое былі прычыны, але палягаюць яны зусім не ў прынцыповым адрозненні помнікаў, а ў спецыфіцы самой савецкай навукі.
Чытайце таксама:
Хто ганяе на квадрацыклах па гарадзішчы на Менцы?
Пачалася праца па стварэнні археалагічнага музея пад адкрытым небам на Менцы
На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА
Сенсацыйная знаходка на Менцы — для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі гэту фігуру 1000 гадоў таму?