Днямі інтэрнэт абляцелі фотаздымкі зрэзанага слядамі ад шын гарадзішча, якое лічыцца летапісным Менскам. «Наша Ніва» адшукала, хто вінаваты ў пашкоджанні ўнікальнага археалагічнага помніка.

Старажытны помнік размешчаны ў вёсцы з прамовістай назвай Гарадзішча. Назву гэтай вёсцы дало гарадзішча з магутнымі валамі, якое ўзвышаецца над ракой Менкай. А Менка, у сваю чаргу, дала назву беларускай сталіцы. Маштабныя археалагічныя даследаванні археалагічнага комплексу, праведзеныя ў апошнія гады, далі больш важкія падставы лічыць гарадзішча на Менцы сапраўдным летапісным Менскам.
Аднак не ўсе разумеюць каштоўнасць гэтага месца. Нягледзячы на шыльду перад гарадзішчам з пазнакай пра тое, што ўезд туды забаронены, узгорыстая мясцовасць прыцягвае матакросераў. Кругі на пітбайках і квадрацыклах намотвалі тут неаднойчы, прытым нават каля памятнага каменя, які нагадвае, што гэта за месца.
У інтэрнэце адшукаліся відэа з гэтых заездаў матакросераў, якія дазволілі ідэнтыфікаваць частку тых, хто ганяе па старажытных валах.



Твары матацыклістаў схаваныя пад шлемамі, што, здавалася б, не дасць апазнаць удзельнікаў заездаў. Але яны выкарыстоўваюць аднолькавыя імёны ў розных сацыяльных сетках, актыўна хваляцца сваімі заездамі і пазначаюць на відэа сяброў. Праз гэта ўдалося высветліць: па гарадзішчы на Менцы ганялі падлеткі.



Па пазнаках на відэа можна казаць, што па валах летапіснага Менска дакладна ганялі Міхаіл, Савелій і Максім (прозвішчы невядомыя), а таксама, верагодна, іншыя хлопцы, якія менш пантуюцца ў інтэрнэце.
Мяркуючы па фота ў профілі, некаторым з аматараў мотакросінгу няма і 16 гадоў. У Беларусі кіраваць квадрацыклам, матацыклам і мапедам можна толькі пасля 16 гадоў, атрымаўшы адпаведнае пасведчанне.
Дзякуючы відэа стала вядома, што хлопцы вучацца ў Азярцоўскай сярэдняй школе Мінскага раёна, у кадр таксама трапляюць іншыя будынкі з гэтага аграгарадка.
Выглядае, што пітбайкі і квадрацыклы ў іх не пракатныя, а ўласныя. У Азярцы ёсць моташкола і некалькі крамаў з мотааксэсуарамі і экіпіроўкай. Але ці звязаныя з імі хлопцы і іхнія сем’і, невядома.
Што кажа закон?
У публікацыях дзяржаўных выданняў чыноўнікі тлумачаць, што на тэрыторыі археалагічнага комплексу дазволена толькі пешая прагулка, а язда цалкам забаронена. Байкерам за пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці пагражаюць адміністратыўкай са штрафамі ад 5 да 30 базавых велічынь або ўвогуле крымінальнай адказнасцю.
Але па законе ўсё не так адназначна. У пачатку 2023 года Міністэрства культуры зацвердзіла праект зон аховы археалагічнага комплексу на Менцы. Для гарадзішча прапісана толькі тое, што пры ажыццяўленні дзейнасці на яго тэрыторыі трэба выконваць патрабаванні Кодэкса аб культуры. А ў ім забароны на праезд па тэрыторыі археалагічнага помніка няма.

Акрамя гарадзішча, у археалагічны комплекс уваходзіць і суседняе селішча. Сёння на яго тэрыторыі сельскагаспадарчую дзейнасць вядзе агракамбінат «Ждановічы». На тэрыторыю селішча распаўсюджваецца зона аховы культурнага пласта, дзе забаронена будаўніцтва і правядзенне земляных работ, а ў выпадку выяўлення ў час сяльгасработ археалагічных артэфактаў трэба паведамляць пра іх супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук.

Відавочна, што сельскагаспадарчая дзейнасць куды больш шкодзіць археалагічнаму помніку, чым матацыклісты. Але пры гэтым Міністэрства культуры не забараніла агракамбінату і далей разворваць гэтую тэрыторыю.
Дрэнна напісаныя законы выконваюцца гэтак жа дрэнна, але маладым людзям варта было б растлумачыць гістарычную каштоўнасць гэтага месца, каб для сваіх забаў яны адшукалі іншыя ўзгоркі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
...
а. дык вунь яно што... а тое не адну ноч не сплю, пабачыўшы гэта - https://d1z7h0yvamgnyn.cloudfront.net/361536
думаю - што курыла министерваства а хулетуры , паліўшы брыліантавым зялёным фасад ? аказваецца нейкую сельгаскультуру палей