«Будуць выстаўленыя невыканальныя ўмовы». У Крамлі абмяркоўваюць сцэнары адмовы ад часовага перамір'я
12.03.2025 / 19:58
Паводле сведчання блізкіх да расійскіх уладных колаў крыніц выдання «Вёрстка», для Масквы стала сюрпрызам нядаўняя сумесная заява Вашынгтона і Кіева аб гатоўнасці Украіны да 30-дзённага спынення агню. І цяпер Крэмль будзе імкнуцца, каб ухіліцца ад таго, каб гэтыя дамоўленасці сталі рэальнасцю.
Уладзімір Пуцін. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
«Чакалі, што любыя публічныя прапановы такога кшталту будуць абмяркоўвацца загадзя і агучвацца пад гатовы адказ», — гаворыць суразмоўца «Вёрсткі», блізкі да адміністрацыі прэзідэнта Расіі.
«Катэгарычнай адмовы, зразумела, сабе ніхто не дазволіць, — працягвае крыніца. — Фармальна будзе дадзены станоўчы адказ, але разам з гэтым выстаўленыя невыканальныя ўмовы. Невыканальныя для Кіева. Пуцін хоча прыбраць Украіну з дыялогу і дамаўляцца толькі з ЗША. А паралельна выпраўляць сітуацыю на фронце — да прымальнай сітуацыі з пункту гледжання перамоўнай пазіцыі».
«Згаджацца вось так, на нешта там «прачытанае ў навінах», ніхто не будзе, — гаворыць «Вёрстцы» суразмоўца, блізкі да МЗС Расіі. — Масква чакае афіцыйнай прапановы і афіцыйна аформленых умоў».
Крыніца таксама выказала здагадку, што ў Маскве асабіста чакаюць «кагосьці з прадстаўнікоў адміністрацыі Дональда Трампа».
Суразмоўца «Вёрсткі» дадае, што ўмовы абавязкова «павінны задавальняць Расію»: «Згаджацца на перамір'е, падчас якога ва Украіну працягнуць запампоўваць узбраенне і грошы — глупства».
Сам Уладзімір Пуцін раней неаднаразова казаў, што Расіі не трэба часовае перамір'е:
«Гэта не павінны быць [мірныя] працэсы, звязаныя з перамір'ем на тыдзень, два ці на год — для таго, каб краіны НАТА пераўзброіліся і забяспечыліся новым боезапасам. Нам патрэбныя ўмовы доўгатэрміновага ўстойлівага і трывалага міру, якія забяспечваюць роўную бяспеку для ўсіх удзельнікаў гэтага няпростага працэсу».
Чытайце таксама:
Reuters: Пуцін наўрад ці пагодзіцца на спыненне агню ва Украіне
УСУ арганізавана адступаюць з Курскай вобласці. Расіяне занялі Суджу
«Мяч на баку Расіі» азначае, што Масква цяпер можа адчуць ціск