Google стварыў нейрасетку MusicLM, якая можа генераваць музыку па апісанні карыстальніка
MusicLM — гэта новая сістэма штучнага інтэлекту ад кампаніі Google, якая стварае музыку любога жанру і складанасці па тэкставым, візуальным і гукавым запытах. Па словах распрацоўшчыкаў, нейрасетка здольная ўлоўліваць драбнюткія нюансы з доўгіх ці кароткіх апісанняў карыстальнікаў і ствараць кампазіцыі такім чынам, быццам яны напісаныя жывымі музыкамі. Аднак кампанія пакуль не рызыкуе выпускаць прадукт у свабодны доступ.

Прадукт Google можа генераваць кантэнт на аснове насвіствання і напявання, а таксама здольны прымаць апісанні ў выглядзе фатаграфій, малюнкаў, карцінак або сапраўдных карцін з невялікімі подпісамі.
«Для атрымання навыку стварэння кампазіцый пры дапамозе апісанняў MusicLM навучаўся на 280 тыс. гадзінах музыкі. Генерацыя мелодый пры гэтым нязменна адбываецца на частаце 24 кГ», — сказана ў даследчым артыкуле, які апісвае працу нейрасеткі.
Аднак ёсць адзін нюанс: 1% згенераванай музыкі напрамую паўтарае мелодыі з набору для навучання. Гэта значыць, праграма можа парушыць аўтарскія правы.
Таму распрацоўшчыкі з Google пакуль не плануюць дзяліцца зыходным кодам нейрасеткі або даваць карыстацца ёй у агульным доступе, бо не жадаюць мець справу з судовымі цяжбамі. Замест гэтага былі апублікаваныя толькі 5500 згенераваных кампазіцый разам з іх апісаннямі для дэманстрацыі магчымасцяў MusicLM.
Каментары