Эканоміка

«Краіна страчвае магчымасці развіцця». Эканамісты пра тое, што будзе з цэнамі і заробкамі беларусаў у 2022 годзе

У 2022 годзе эканамісты не чакаюць росту рэальных заробкаў, якія разлічваюць з папраўкай на рост цэнаў. А інфляцыя, хутчэй за ўсё, не зменшыць тэмпаў. Пра гэта гаворыцца ў аналітычным матэрыяле «Экспертны погляд» BEROC (Кіеў), які пераказвае zerkalo.io.

Фота: valphoto / depositphotos.com

Разрыў у заробках паміж Беларуссю і суседнімі краінамі павялічваецца

Нягледзячы на эканамічны рост на 2,3% у 2021 годзе, занятасць знізілася, адзначаюць аўтары аналізу, падкрэсліваючы, што гэта «дзіўны эканамічны факт».

«Найверагодней, ён тлумачыцца не толькі эканамічнымі фактарамі, — як, напрыклад, скарачэннем у будаўніцтве, а разам з ім зніжэннем заробкаў і занятасці — але збольшага і палітычнымі прычынамі, у першую чаргу міграцыяй», — кажа сааўтар аналізу акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

Рэальны рост заробкаў запаволіўся і па выніках года аказаўся досыць сціплым — на 2,7%. Для параўнання, у 2019 годзе пры росце ВУП на 1,4% рэальныя заробкі беларусаў павялічыліся на 6,5%. І нават у 2020-м пры скарачэнні ВУП на 0,7% іх рост быў 8,8%, звяртаюць увагу аўтары аналізу.

Павелічэнне заробкаў адбывалася нераўнамерна. У прамысловасці сярэдні заробак у рэальным выражэнні вырас на 9,5%, у будаўніцтве, як і ў бюджэтнікаў, ён практычна не змяніўся, а па раздзеле «Інфармацыя і сувязь» статыстыка зафіксавала зніжэнне на 5,3%.

У ахове здароўя зніжэнне было на 12,9%. У першую чаргу гэта выклікана памяншэннем «кавідных» надбавак, адзначана ў аналізе BEROC.

Атрымліваецца, што не ўсе ў краіне адчулі станоўчы ўплыў ад эканамічнага росту. У той жа час эксперты не чакаюць росту рэальных заробкаў у гэтым годзе, адзначаючы, што дзеянне санкцый можа нават прывесці да невялікага спаду.

«Вось толькі спад рэальных заробкаў на 2-3% у сярэднім будзе азначаць, што ў кагосьці яны знізяцца на 10-20%», — гаворыцца ў аналізе.

З-за павелічэння разрыву ў заробках паміж Беларуссю і некаторымі суседнімі краінамі эксперты прагназуюць, што да палітычнай міграцыі дадасца яшчэ і эканамічная.

«Гэта будзе вялікім выклікам для краіны з насельніцтвам, якое старэе», — адзначае Кацярына Барнукова.

Рост цэнаў у гэтым годзе будзе дастаткова высокім

Аднаўленне сусветнай эканомікі паскорыла інфляцыйныя працэсы ў многіх краінах. Летась гэта аказала станоўчы ўплыў на экспарт беларускай прадукцыі, але ў той жа час паўплывала на рост цэнаў на ўнутраным рынку. Будучы малой адкрытай эканомікай, Беларусь прыняла частку гэтай сусветнай інфляцыі. Узмацнілі яго высокія інфляцыйныя чаканні і імкненне дзяржавы штучна рэгуляваць цэнаўтварэнне.

«У выніку такіх захадаў Беларусь уваходзіць у лік краін, якія спрабуюць стрымліваць цэны, але ўсё адно атрымліваюць іх рост», — адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Узровень інфляцыі ў Беларусі ў гэтым годзе працягне залежаць ад сітуацыі на сусветным рынку, захавання высокіх інфляцыйных чаканняў, павышэння падаткаў і дзеянняў МАРТ па рэгуляванні цэнаў. Значную ролю будуць аказваць дзеянні Нацбанка.

«У будучыні ёсць сур'ёзныя шанцы, што Нацбанк апынецца пад ціскам, у выніку чаго частка новага інвестыцыйнага цыклу будзе выканана за кошт незабяспечанай эмісіі, так як не будзе магчымасці крэдытавацца на рынкавых умовах», — лічаць эксперты.

Эканамісты адзначаюць, што нават пры ўдалай знешняй кан'юнктуры і спробах стрымліваць рост цэнаў у гэтым годзе наўрад ці атрымаецца ўкласціся ў прагноз у 6%. З улікам змяншэння сусветнай інфляцыі яна можа аказацца ў межах 10%, а ў выпадку запаволення беларускай эканомікі рост цэнаў можа быць каля 7—8%. 

Фота: Mehaniq / depositphotos.com

«Краіна страчвае магчымасці развіцця»

Перспектывы росту ў найбліжэйшай будучыні будуць залежаць ад магчымасцяў нарошчваць экспарт. А на яго ўсё больш уплываюць санкцыі і аднабаковыя захады, якія прымаюцца асобнымі краінамі, з-за якіх растуць выдаткі на лагістыку і юрыдычнае суправаджэнне.

У той жа час на эканоміку будзе ўплываць магчымасць прыцягваць фінансавыя рэсурсы з-за мяжы. Эканамісты мяркуюць, што ў выпадку негатыўных шокаў у Беларусі не застанецца крыніц фінансавання, акрамя Расіі. Гэта стварае дадатковыя рызыкі, таму што пры такім раскладзе ўмовы фінансавання выстройваюцца не на рынкавых прынцыпах, а залежаць ад палітычных дамоўленасцяў.

На эканамічны рост будзе ўздзейнічаць захаванне стабільнасці ў рэгіёне. А таксама любыя негатыўныя шокі, якія ўплываюць на Расію, таму што «такой прывязкі беларускай эканомікі да расійскай, як цяпер, не было ніколі», — адзначаюць аўтары аналізу.

Унутры краіны на перспектывы росту будзе ўплываць попыт. Зараз упэўненасць спажыўцоў у заўтрашнім дні знаходзіцца ў адмоўнай зоне, гэта значыць людзі ўспрымаюць рызыкі пагаршэння сітуацыі як высокія і з-за гэтага не павялічваюць спажыванне. Гэтак жа паводзяць сябе інвестары. У выніку краіна страчвае магчымасці развіцця, падкрэсліваюць эканамісты.

Чытайце таксама:

Ці лягчэй Беларусі будзе цяпер плаціць па даўгах?

Дзярждоўг вырас. Распавядаем, як гэта звязана з утрыманнем курсу даляра

Даўгавое балота засмоктвае. Чаму чыноўнікі сёння баяцца глядзець на год-два наперад

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр14

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Усе навіны →
Усе навіны

У Трампа патлумачылі рашэнне спыніць фінансаванне «Голасу Амерыкі»15

У агні і цісканіне на дыскатэцы ў Паўночнай Македоніі загінулі найменей 50 чалавек1

Зянон Пазняк: Ні беларусам, ні асабліва ўкраінцам нельга ахайваць Трампа247

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты17

«Упершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць»18

Сястра прэм'ер-міністра Турчына жыве пад Масквой і працуе выкладчыцай англійскай мовы9

Дзяўчына з Эстоніі 6 гадоў вучыцца ў Беларусі на медыка. Але цяпер яе мара стаць хірургам пад пагрозай17

Карабель SpaceX прыстыкаваўся да МКС. Цяпер астранаўты, якія захраснулі на станцыі, змогуць вярнуцца дадому3

ЗША наносяць авіяўдары па паўстанцах-хусітах у Емене пасля загаду Трампа1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр14

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць