Грамадства88

Рэлаканты ў Літве заплацяць двойчы? Разбіраемся, як жыць без пагаднення аб падатках

Пагадненне аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з Літвой перастане дзейнічаць з 1 студзеня 2026 года. Як гэта паўплывае на звычайных беларусаў, вывучаў Devby. 

У пачатку 2025 года Літва дэнансавала пагадненне з Беларуссю аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання (ППП), падпісанае яшчэ ў 1995 годзе. Гэта не азначае імгненнага разрыву, дакумент дзейнічае да канца 2025 года. А што потым?

Як адаб’ецца гэты разрыў на беларусах, што жывуць у Літве і атрымліваюць даход у Беларусі, напрыклад, ад здачы кватэры? А калі чалавек застаецца рэзідэнтам Беларусі, але пры гэтым зарабіў грошы ў Літве? Разбіраемся разам з экспертам у галіне юрыдычнага і падатковага кансультавання Святланай Бабінцавай.

Гэты матэрыял мае гіпатэтычны і агульны характар, яго нельга ўспрымаць як рэкамендацыю і/ці спасылацца на яго пры звароце ў падатковыя органы. Па-першае, не ўсё зразумела з заканадаўствам. Па-другое, кожная падатковая сітуацыя патрабуе індывідуальнага разгляду.

Як толькі пагадненне перастане дзейнічаць, адразу надыдзе падвойнае падаткаабкладанне? Беларусы ў Літве будуць павінны плаціць падаткі двойчы — у Літве і Беларусі?

Не. Адмена ППП не азначае аўтаматычнае падвойнае падаткаабкладанне.

Яно магчымае, але не абавязковае: напрыклад, падатковая можа пагадзіцца залічыць падатак, сплачаны ў іншай краіне.

Хм. Тады як гэта працуе?

Нават калі ППП паміж краінамі няма, гэта не значыць, што яны не імкнуцца пазбягаць падвойнага падаткаабкладання грамадзян. Але з ППП працэдура значна прасцейшая. Падаткаплацельшчык прадстаўляе дакументы (напрыклад, даведку аб падатках, утрыманых у краіне крыніцы даходу), і яму без лішняй бюракратыі залічваюць гэты падатак.

Калі ППП няма, кожная краіна кіруецца нацыянальным заканадаўствам. У Падатковым кодэксе Беларусі ёсць артыкул аб заліку замежных падаткаў (арт. 224. Спецыяльныя палажэнні. Пазбяганне падвойнага падаткаабкладання). Падобныя нормы ёсць і ў літоўскім падатковым заканадаўстве (арт. 37 Закона аб падаходным падатку).

У гэтым выпадку залік падатку, сплачанага за мяжой, таксама магчымы, але не гарантаваны: працэдура складанейшая і патрабуе індывідуальнага разгляду.

Краіна рэзідэнцтва можа вылучаць больш жорсткія патрабаванні да дакументаў (напрыклад, Літва можа патрабаваць перакладаць іх на літоўскую мову) або ўвогуле адмовіць у заліку. Калі стаўка падатку ў краіне крыніцы даходу вышэйшая, чым у краіне рэзідэнцтва, розніцу не вернуць.

Напрыклад, рэзідэнт Беларусі заплаціў у Літве падатак па стаўцы 20%. У Беларусі стаўка — 13%. Беларусь залічыць толькі 13% ад даходу, а астатнія 7% стануць вашай стратай.

Калі стаўка падатку, сплачанага за мяжой, ніжэйшая, чым у краіне рэзідэнцтва, розніцу прыйдзецца даплачваць.

Незалежна ад таго, абкладуць падаткам двойчы ці не, клопатаў з дэкларацыямі і даведкамі стане больш.

Пачакайце, але ж гэта не ва ўсіх выпадках? «Падпадаюць» толькі тыя, у каго рэзідэнцтва ў адной краіне, а даход/яго частка — у іншай, праўда?

Вядома. Калі і рэзідэнцтва, і даходы чалавека ў адной краіне (няважна, у Беларусі ці ў Літве), для яго нічога не зменіцца. Напрыклад, калі беларус не з’яўляецца падатковым рэзідэнтам РБ (жыў у Беларусі менш за 183 дні ў годзе), яму не трэба дэклараваць літоўскія даходы ў Беларусі. Абавязацельствы перад беларускай падатковай узнікаюць толькі ў выпадку, калі чалавек па выніках года прызнаецца рэзідэнтам Беларусі. І, вядома, калі ён атрымаў нейкі даход у Беларусі.

Нагадайце, якія жыццёвыя сітуацыі выклікаюць праблемы з падатковай

Гэта ўсе выпадкі, калі вы атрымліваеце даход, які абкладаецца падаходным падаткам, у краіне, якая не з’яўляецца вашай краінай рэзідэнцтва. Напрыклад, беларус жыве ў Літве, з’яўляецца яе рэзідэнтам, але ў Беларусі здае кватэру. Або ў яго дэпазіт у Беларусі, або нейкая падпрацоўка, або выйгрыш у латарэю, або ён атрымаў дывідэнды ці грашовы падарунак не ад блізкіх сваякоў.

Беларус можа паехаць працаваць у Літву, але па выніках падатковага года застацца рэзідэнтам Беларусі. У такім выпадку пад пагрозай падвойнага падаткаабкладання апынецца яго літоўская зарплата.

Окей, давайце разбяром выпадак з арэндай кватэры ў Беларусі — як было і як стане

Калі падатковы рэзідэнт Літвы здае кватэру ў Беларусі, ён павінен дэклараваць гэты даход у Літве (няважна, дзейнічае ППП ці ўжо не).

Па ППП даход ад арэнды нерухомасці можа абкладацца падаткам у краіне, дзе знаходзіцца гэта нерухомасць (то бок у Беларусі), і ён аўтаматычна залічваецца ў іншай краіне (у Літве).

Калі ППП не працуе, параўноўваем падаткі ў Беларусі і Літве і звяртаемся ў Літву з просьбай залічыць ужо сплачанае. Калі не залічвае — даход абкладаецца двойчы. Бяда.

А ў Беларусі ж стаўкі за доўгатэрміновую арэнду не ў працэнтах, а ў фіксаваных сумах. Напрыклад, у Мінску — 50 BYN за пакой у месяц, у абласных цэнтрах — 46 BYN і г. д.

Так. Але гэта не праблема. У Літве давядзецца даплаціць розніцу: 15% (літоўская стаўка) ад атрыманага даходу мінус сплачаны падатак у Беларусі.

А калі грамадзянін РБ, рэзідэнт Літвы, прадае кватэру ў Беларусі? У Беларусі ён, дзякуючы льготам, нічога не плаціць (напрыклад, гэта першая кватэра за пяць гадоў), а ў Літве?

За продаж кватэры ў Беларусі ў 2025 годзе, хутчэй за ўсё, прыйдзецца заплаціць падатак у Літве (калі ў Беларусі дзейнічае льгота і падатак не сплачваецца).

Калі ў Беларусі заплачаны падатак (13%), можна паспрабаваць яго залічыць. У выпадку поспеху ў Літве прыйдзецца даплаціць толькі 2% (розніцу з літоўскай стаўкай).

Але не факт, што сплачаны падатак у Беларусі Літва залічыць.

Давайце яшчэ разбярэм прыклад з дэпазітам у Беларусі

Банкі ў РБ самастойна ўтрымліваюць падатак з налічаных працэнтаў і пералічваюць яго ў бюджэт, таму ў Беларусі нічога рабіць не трэба. У Літве літоўскаму рэзідэнту давядзецца задэклараваць гэтыя грошы. Калі атрымаецца зрабіць залік, застанецца даплаціць 2% (розніцу паміж стаўкамі 13% і 15%).

Але тут могуць быць нюансы? Напрыклад, тэрмін дэпазіту: калі ўклад у BYN ляжыць больш за год, а ў валюце — больш за два гады, падаходны падатак не спаганяецца.

Так, нюансаў шмат. Таму ўсе жыццёвыя сітуацыі прадказаць складана. З падаткамі трэба разбірацца індывідуальна.

Але агульны алгарытм можна прапанаваць?

Агульны парадак дзеянняў такі:

  1. Вызначыць сваё рэзідэнцтва: дзе вы з’яўляецеся падатковым рэзідэнтам.
  2. Прааналізаваць падаткі ў абедзвюх краінах.
  3. Сабраць дакументы, што пацвярджаюць сплату падаткаў.
  4. Пракансультавацца з падатковымі органамі.

Окей, зразумела. А як з тэрмінамі? Адказваць па новых правілах, без уліку ППП, трэба будзе ўжо вясной 2026 года ці толькі па выніках 2026 года?

Пакуль незразумела. Паводле працэдуры, дэнансацыя ўступае ў сілу з 1 студзеня 2026 года. Гэта значыць, даходы, атрыманыя да канца 2025 года, падпадаюць пад умовы ППП, а з 2026 года — ужо не. Таму тэарэтычна справаздачнасць і выплаты па нацыянальным заканадаўстве прыйдзецца рабіць толькі ў 2027 годзе.

Але гэта тэарэтычна, а як будзе на практыцы — пакуль невядома.

Напрыклад, літоўская падатковая пакуль не дае кансультацый па даходах за 2025 год. Не выключана, што нацыянальныя заканадаўствы абедзвюх краін зменяцца цягам 2025 года, і тады з’явяцца новыя правілы. Таму трэба сачыць за заканадаўствам.

Каментары8

  • НяплацельшчЫк
    17.03.2025
    А навошта літоўскай падатковай расказваць пра вашу арэндную кватэру ў Беларусі. Як яны даведаюцца? Спытаюцца ў беларускіх калег?. І тыя хуценька зробяць даведкі і перакладуць на летувіскі ? А якая юрыдычная моц ў гэтай паперкі ў Летуве? Пагадненне разарвана. Супрацоўніцтва няма. Становішча люстэркавае для беларускага боку. Не, знойдуцца чэсныя грамадзяне, але нішто не замінае мігрісу ў будучым прызнаць любога уцякача пагрозай нацыянальнай бяспекі па якіх магчымых прыцянутым за вушы фактам. Тады які сэнс рваць кашулю?
  • Простыми словами
    17.03.2025
    Литва продолжает делать всё для того, чтобы беларусы даже не думали там жить, работать или вести бизнес. "Спасибо" соседи, мы обязательно запомним это на будущее, когда ваш бизнес захочет иметь интерес в нашей стране после завершения правления Лукашенко.
  • мясцовы2
    17.03.2025
    Няплацельшчык, нашыя могуць наўмысна зліць інфу літоўцам, каб адмыслова напаскудзіць.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр21

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Усе навіны →
Усе навіны

Пералічыце 1,5% падаходнага на беларускую справу. Інакш дзяржава скарыстае тыя грошы сама20

Чырвоны касцёл у Мінску хутка пачнуць рамантаваць5

У Мінску загарэўся аўтобус3

«Таварышы, канец!»: у Будапешце тысячы венграў пратэставалі супраць Орбана9

«Амерыканскі Дугін». Як малавядомы блогер уплывае на важных фігур адміністрацыі Трампа27

Сербская апазіцыя абвінаваціла ўлады ў выкарыстанні забароненай гукавой зброі супраць пратэстоўцаў

Лукашэнка хоча пабудаваць другую АЭС на патрэбы Расіі і акупаваных украінскіх тэрыторый. Але яго чакае сюрпрыз18

Малады чалавек упаў на рэйкі ў метро. На платформу яго паднялі відавочцы ВІДЭА

Ці можна забраніраваць сабе месца на могілках пры жыцці, ці можна развеяць прах і колькі ў сярэднім каштуе пахаванне ў Беларусі?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр21

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць