Нерухомасць

«Тут такія прыгожыя кветнікі, а не гэтыя сумныя газоны з туямі». Лецішчы ў старых садовых таварыствах маюць свае перавагі 

Апошнім часам набірае папулярнасць набыццё загараднай нерухомасці. Гэтаму спрыяюць шматлікія рэпартажы аб тым, як людзі стары дом ператварылі ва ўтульны і сучасны. Або паездка да сваякоў-сяброў на лецішча, у праграме якой шпацыры-шашлыкі. Назіраць збоку за дачным жыццём — адно задавальненне. А калі самім займець летнюю рэзідэнцыю? Якія тут плюсы і мінусы, разбіралася «Звязда».

Як стаць дачнікам?

Можна атрымаць участак ад некаторых прадпрыемстваў ці арганізацый, калі там працуе член сям'і. Але першае пытанне, на якое варта было б адказаць у такім выпадку: а вы гатовыя і ў выхадныя дні бачыць сваіх калег?

Сучасныя СТ больш падобныя да катэджных пасёлкаў, у якіх будуюцца не летнія домікі, а дамы, прыдатныя для круглагадовага пражывання.

Новае СТ патрабуе каласальных затрат на інфраструктуру. Так, яна будзе служыць дзясяткі гадоў, але аплаціць гэта трэба сёння. А яшчэ і ўласны дом пабудаваць, і каб не горш, чым у калег.

Так што сумленна і ўдумліва адкажыце на другое пытанне: ці дастаткова грошай на такую задуму?

Другі варыянт — купіць лецішча ў старым СТ. Тут, вядома, не будзе побач працоўнага калектыву, але знаёмых можна ўсё адно сустрэць. Мая прыяцелька Ганна, якая арандавала лецішча ў мінулым сезоне, рэгулярна бачылася з былой калегай, якая досыць часта прыязджала да сваіх бацькоў.

Дарэчы, гэта добрая ідэя — спачатку сезон ці два арандаваць дачу, каб зразумець, ці зможаце вы прыжыцца ў новых для сябе ўмовах.

Маладой сям'і гэты варыянт спадабаўся. Лецішча ў арэнду знайшлі на дзіва хутка. Неяк адразу з'явілася сімпатыя паміж гаспадаром і арандатарамі. Усё было зроблена афіцыйна, заключылі дагавор. Дом з усімі гарадскімі выгодамі не расчараваў.

Межы ўчасткаў і асабістыя

«Трэба было вучыцца жыць навідавоку, — кажа Ганна. — Участак шэсць сотак, плот з вуліцы і ад адной суседкі — металапрофіль, з двума іншымі суседзямі нас падзяляла сетка-рабіца.

Важна зразумець, ці не будзе дыскамфорту ад таго, што зусім побач знаходзяцца чужыя людзі. Злева жыве сям'я дактароў, вельмі прыемная, мы пасябравалі. Але распавядалі, што як толькі атрымалі ў спадчыну лецішча, дык адразу да іх пачалі прыходзіліць суседзі: то ціск памераць, то таблетку папрасіць, то пракансультавацца, то перавязку зрабіць…

Пазбавіліся ад візіцёраў такім чынам: удакладнялі, дзе чалавек працуе. Потым той доктар прыходзіў, напрыклад, да выхавальніцы і прасіў «паглядзець нашых дзяцей», ці да кухара — «прыгатаваць абед»…. О, як яны ўсе абураліся. Але візіты спыніліся. Затое ў чаце СТ з'явіліся рэкамендацыі па прафілактыцы і першай дапамозе пры дачных траўмах, парады гіпертонікам і тым, хто пакутуе ад іншых хвароб.

А вось іншыя суседзі… Мяне шакавала, як суседка вучыла дзіця: «Можаш пагуляць з хлопчыкамі з суседняга ўчастка, яны з багатай сям'і». І як яна вымярае тое «багацце»?

У прынцыпе, людзі ўсюды аднолькавыя.

У горадзе на дзіцячай пляцоўцы абавязкова сустрэнеш маму, якая лічыць, што тут усё толькі для яе дзіцяці, астатнія — пайшлі прэч, такая ж будзе і ў садаводчым таварыстве».

Старыя і новыя

Ганна бачыць перавагу старых СТ у тым, што там рана ці позна разбураецца маналіт «адна праца, адзін дом у горадзе, адно СТ». Новыя гаспадары лецішчаў у асноўным не лезуць у чужое жыццё і ў іх няма успамінаў: хто каго пакрыўдзіў дваццать гадоў таму. У той жа час гэтыя людзі могуць хутчэй аб'яднацца, каб вырашыць нейкае пытанне, якое датычыць агульнага камфорту ў СТ. Ва ўсякім разе, калі ў канцы сезона старшыня СТ падзякаваў у чаце дачнікам, якія нешта зрабілі для агульнага дабрабыту, спіс аказаўся вялікі.

Таксама Ганне падабаецца неаднародная забудова — гэта цікавей, чым новыя СТ з падобнымі дамамі. «А яшчэ тут такія прыгожыя кветнікі, на якія нават у маладых спадчыннікаў рука не падымаецца, а не гэтыя сумныя газоны з туямі», — кажа яна.

Інфраструктура і мікраклімат

Перш чым набываць лецішча, трэба даведацца не толькі аб стане дома і гаспадарчых пабудоў, але і аб агульнай інфраструктуры. Што з электрычнасцю, з вадой? Ёсць сезонная крама ці прыязджае аўталаўка? Наколькі добра ловіць мабільная сувязь — таксама важнае пытанне. І галоўнае — што адбываецца ў кіраўніцтве СТ?

Ганна расказвае, што ў суседнім СТ другі год судзяцца стары старшыня праўлення і новы. Прычым апошні ўвесь час прайграе працэсы, а грошы на ўсякага роду кампенсацыі бяруць з членскіх узносаў. Значыць, мала таго, што мікраклімат неспрыяльны, дык яшчэ і грошы вылятаюць невядома куды.

Сем разоў адмерай…

Ганна з мамай і свякрухай палічылі, што на лецішчы выгадна мець фруктовыя дрэвы і ягады. «Ты ўяўляеш, колькі б мы заплацілі за ажыны і дурніцы на базары?!» — цешылася мама Ганны. Датычна ж агарода прыйшлі да адназначнай высновы: гародніну лепш купляць у суседзяў, якія ўвесь сезон жывуць на лецішчах.

Пятая частка дамоў у гэтым СТ заселена круглы год, прычым жывуць у іх як пенсіянеры, так і маладыя сем'і. А святы на лецішчах адзначаюць, мабыць, у кожным чацвёртым доме.

Зімой людзі хоць бы раз на месяц прыязджаюць сюды, напрыклад, зняць снежную шапку з цяпліцы.

Ганна кажа, што сям'я хоча яшчэ сезон пажыць на арандаваным лецішчы. А ўжо потым на сямейнай радзе вырашыць, што і дзе купляць ці па-ранейшаму арандаваць. Занадта сур'ёзная пакупка, каб здзяйсняць яе, кіруючыся эмоцыямі або модай. Гэта кухонны камбайн купіш, месяц пакарыстаешся, а потым ён гадамі займае месца, але есці не просіць. Уласнае лецішча патрабуе і пастаяннай увагі, і выдаткаў.

Чытайце таксама:

«З чаго пачаць? Пачніце са шпалераў». Як найбольш ашчадна аднавіць купленую вясковую хату

Як выглядае самае дарагое лецішча ў Беларусі? Яно каштуе амаль мільён даляраў

У вёсцы — ведзьма. Рэпетытарка з'ехала з Мінска ў вёску і не шкадуе

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр25

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Усе навіны →
Усе навіны

Калі зноў пацяплее? Чакаць засталося нядоўга

Што будзе «чырвонымі лініямі» для Украіны пры заключэнні перамір'я

«Мне патрэбна апазіцыйная кватэра для сустрэч з рэвалюцыянерамі». Андрэю Павуку нечакана сталі пісаць рыэлтары — ён троліць у адказ7

Сугак расказала, як у Берліне сусед выклікаў на яе паліцыю20

«Мы вінаватыя. У гэтай вайне ёсць і наша віна». Журналісты Washington Post пабывалі ў Гомельскай вобласці30

Гірын, Буры і нават Кныровіч адрэагавалі на артыкул пра самую модную пару беларускай апазіцыі41

«Забойства на вуліцы Макаёнка». Штучны інтэлект ці чалавек напісалі новы беларускі дэтэктыў?3

Аэрапорт Львова могуць адкрыць ужо ў канцы вясны3

Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?115

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр25

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць